З 2023 года ІП, што маюць другую працу, таксама будуць плаціць унёскі ў ФСАН
Дагэтуль працаўладкаваныя ІП мелі права не плаціць унёскі ў ФСАН як прадпрымальнікі / 1prof.by
З наступнага года індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць другую працу, таксама абавязаныя будуць плаціць унёскі ў ФСАН. Гэта прадугледжана зменамі "законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання". Дакумент быў падпісаны 18 ліпеня, а сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Раней ІП, у якіх была другая праца па працоўнай дамове з адлічэннем узносаў у Фонд сацыяльнай абароны, маглі не рабіць адлічэнні ў ФСАН як прадпрымальнікі. Не плаціць унёскі маглі і тыя ІП, "якія з'яўляюцца ўласнікамі маёмасці (удзельнікамі, чальцамі, заснавальнікамі) юрыдычных асоб і выконваюць функцыі кіраўнікоў гэтых юрыдычных асоб і за якіх у адпаведнасці з заканадаўствам выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўнёскі". У новым законе гэтых фармулёвак няма.
Па-ранейшаму добраахвотна выплачваць унёскі ў ФСАН могуць толькі ІП, якія адначасова з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці атрымліваюць пенсію, маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, а таксама вучацца — "атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі".
Нагадаем, з гэтага года змянілася і сістэма падаткаабкладання для ІП, якія аказваюць паслугі. Вялікая частка індывідуальных прадпрымальнікаў больш не можа карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання (ССП). ССП пакінулі толькі праграмістам, а таксама тым, хто аказвае паслугі ў галіне турызму, аховы здароўя, сухапутнага транспарту і грамадскага харчавання. Пры гэтым стаўка падатку пры ССП таксама павялічылася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.