З 25 кастрычніка расійскія авіякампаніі не змогуць лётаць ва Украіну
Міністэрства інфраструктуры Украіны паведамляе, што з 25 кастрычніка супраць расійскіх авіякампаніяў уводзяцца санкцыі. Паводле іх большасці расійскіх авіяперавозчыкаў будзе забаронена лётаць ва Украіну.
“Дзяржаўная авіяцыйная служба Украіны пачала інфармаваць расійскія авіякампаніі, якія трапілі ў санкцыйных спіс, пра тое, што ім не выдадзены дазвол на выкананне рэйсаў ва украінскія гарады з пачатку зімовай навігацыі 2015/2016”, — паведамляецца на сайце міністэрства.
Расійскі міністр транспарту Максім Сакалоў ужо заявіў, што Расія прыме люстэркавыя меры, калі Украіна забароніць расійскім авіякампаніям палёты на сваёй тэрыторыі.
Украінскія санкцыі прадугледжваюць “абмежаванне, частковае або поўнае спыненне транзіту рэсурсаў, палётаў і перавозак па тэрыторыі Украіны”.
У чорны спіс трапілі найбуйнейшыя расійскія авіяперавозчыкі — “Аэрафлот”, “Трансаэро”, “Сібір”, “Расія” і іншыя. Не патрапіла пад санкцыі толькі кампанія “Ютэйр”, паведамляе ВВС.
Фота: aviavip.com