За двайное забойства беларуса асудзілі на пажыццёвае зняволенне
Прысуд быў вынесены 19 жніўня Мінскім абласным судом.
Мінскі абласны суд вынес прысуд па справе аб падвойным забойстве ў пасёлку Мачулішчы Мінскага раёна.
30-гадовага жыхара Мінскага раёна, раней неаднаразова судзімага, асудзілі на пажыццёвае зняволенне. Адбываць яго мужчына будзе ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму. Таксама, як перадае БелаПАН, абвінавачанаму прызначылі меры прымусовай бяспекі і лячэнне ад алкагалізму ў месцы адбыцця пакарання.
Па звестках следства, 1 лістапада 2014 года мужчына зайшоў у дом да суседа. Падчас выпіўкі з гаспадаром дома і яго сужыцелькай яны пасварыліся, і госць зарэзаў гаспадароў. Каб схаваць сляды забойства, ён падпаліў дом. Пакідаючы месца злачынства, мужчына сустрэў у двары 57-гадовага аднавяскоўца. Ён сапхнуў непажаданага сведку ў бетонную яму глыбінёй больш за два метры. Пры падзенні пацярпелы атрымаў шматлікія траўмы, ад якіх праз некалькі тыдняў памёр у лякарні.
Дзяржабвінавачанне прасіла для абвінавачанага смяротнай кары. Аднак суд змякчыў меру пакарання. У прыватным вызначэнні суда звяртаецца ўвага начальнікаў упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці і Мінскага РУУС на парушэнні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства пры правядзенні расследавання.
Дзяржабвінавачанне не выключае, што будзе апратэстоўваць прысуд. Абвінавачваны можа абскардзіць рашэнне Мінскага абласнога суда ў Вярхоўным судзе.
Фота: liga.net