Забойцам гомельскай рэпетытаркі прысудзілі 24 і 19 гадоў турмы
Раней суд прызначыў ім 15 і 13 гадоў адпаведна.
Гомельскі абласны суд 29 снежня вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе — забойстве 23-гадовай Марыны Аляксандравай.
За забойства групай асоб Антон Саўчыц і Кацярына Малюкова прысуджаныя да 24 і 19 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Муж Кацярыны Павел Малюкоў прызнаны вінаватым у дапамозе ў забойстве і асуджаны на 18 гадоў зняволення.
Таксама суд прызнаў усіх траіх вінаватымі ў крадзяжы, учыненым пасля забойства дзяўчыны. Для кампенсацыі маральнай шкоды абвінавачаныя павінны выплаціць сваякам забітай 800 мільёнаў рублёў.
Дзяржабвінавачанне прасіла пакараць Антона Саўчыца пажыццёвым зняволеннем, а Кацярыну і Паўла Малюкова — дзевятнаццацю з паловай гадамі і семнаццаццю з паловай гадамі пазбаўлення волі, нагадвае БелаПАН.
Раней Гомельскі абласны суд прысудзіў Саўчыцу 15 гадоў турмы, а яго саўдзельнікам — па 13 гадоў. Аднак 2 верасня Вярхоўны суд адмяніў прысуд і накіраваў яго на новы разгляд.
Жорсткае забойства адбылося летам 2013 года. Марыну Аляксандраву забілі яе былы хлопец Антон Саўчыц і яго знаёмыя — муж і жонка Малюковы. Прычынай забойства стала нежаданне дзяўчыны падтрымліваць адносіны з Саўчыцам. Ведаючы, што Марына займаецца рэпетытарствам, абвінавачаныя завабілі дзяўчыну для аказання адукацыйных паслуг і жорстка забілі. Цела дзяўчыны адвезлі ў Веткаўскі раён і закапалі ў загадзя падрыхтаванай магіле.
Фота — tut.by