Затрымалі брамніка зборнай Расіі Фядотава — "ухіляўся ад арміі" і хацеў з'ехаць
1 ліпеня ў Купчына на поўдні Санкт-Пецярбурга затрымалі брамніка хакейнай зборнай Расіі і ЦСКА Івана Фядотава. Аператыўнікі крымінальнага вышуку сустрэлі яго на выхадзе з лядовай арэны і прапанавалі паехаць з імі ў адзін з ваенкаматаў Цэнтральнага раёна горада. Спартсмен не супраціўляўся, піша fontanka.ru.
25-гадовага Фядотава шукалі з раніцы пятніцы. У месцах, дзе ён мог з'явіцца, знаходзіліся ўзмоцненыя групы сілавікоў. Па неафіцыйнай інфармацыі, ваенная пракуратура даслала просьбу знайсці хакеіста кіраўніцтву паліцыі Санкт-Пецярбурга. Яна лічыць, што падстаў "лічыць Фядотава ўхілістам ад арміі" дастаткова. Яму можа пагражаць да двух гадоў пазбаўлення волі. Брамнік выступае за ЦСКА, а значыць фармальна з'яўляецца вайскоўцам.
Па некаторых даных, нядаўна Іван Фядотаў заявіў трэнерам і кіраўніцтву клуба, што больш не хоча гуляць за армейцаў і збіраецца пакінуць Расію. Яго дзеянні палічылі спробай "незаконна скасаваць кантракт". ЦСКА перастаў прыкрываць спартсмена перад Мінабароны. А яшчэ ж ёсць і палітычны аспект. Фядотаў сабраўся за акіян у НХЛ. Але ў Расіі яго могуць паказальна "правучыць". Расійскі спорт пад санкцыямі. Тая ж хакейная зборная РФ не ўдзельнічала ў чэмпіянаце свету. І хакеісты могуць паспрабаваць масава з'ехаць за мяжу.
Пакуль вядома пра адміністрацыйную справу, якую распачалі на брамніка. Фармальна ўсё адбываецца ў рамках дзейнага ў Расіі заканадаўства. Івана Фядотава могуць ужо заўтра адправіць служыць у армію — прызыўная кампанія працягваецца да 15 ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.