Заўзятары “ПСЖ” са свята зрабілі пагром (відэа)
Масавыя беспарадкі, якія зладзілі футбольныя фанаты ў Парыжы, азмрочылі цырымонію ўручэння чэмпіёнскага тытула клубу “Пары Сэн-Жэрмен”.
Як паведаміў камісар парыжскай жандармерыі Бернар Буко, у выніку беспарадкаў пацярпелі 30 чалавек, сярод якіх трое супрацоўнікаў паліцыі.
Сутыкненні пачаліся пасля таго, як 10 тысяч фанатаў болей за гадзіну прачакалі сваю ўлюбёную каманду на плошчы Тракадэро каля Эйфелевай вежы, паведамляе ВВС. Паліцыі давялося выкарыстаць слезацечны газ. Заўзятары закідалі паліцыянтаў дымавымі шашкамі ды іншымі прадметамі, а частка фанатаў спрабавала прарвацца да трыбуны.
Арыштаваныя 21 чалавек. Паліцыянтам спатрэбілася некалькі гадзінаў, каб вярнуць сітуацыю пад кантроль. Цяпер парыжскія праваахоўнікі заяўляюць, што падобныя мерапрыемствы для клуба “ПСЖ” у грамадскіх месцах праводзіць не будуць.
“ПСЖ” стаў чэмпіёнам Францыі праз 19 гадоў пасля свайго папярэдняга трыумфу. Цырымонія ўручэння трафея ўсё ж адбылася, але доўжылася ўсяго некалькі хвілінаў з меркаванняў бяспекі.