Здзелка паміж заклятымі ворагамі: ЗША і Іран абмяняліся вязнямі
Вызваленыя ў Іране амерыканскія грамадзяне
ЗША і Іран абмяняліся вязнямі. Як піша Reuters, адбылося гэта "ў рамках рэдкай здзелкі паміж заклятымі ворагамі". Пяцёра грамадзян ЗША, якія былі за кратамі (а з імі і двое сваякоў, што заставаліся на волі), у панядзелак вылецелі з Ірана ў абмен на пецярых іранцаў, якія ўтрымліваліся ў Злучаных Штатах (іх памілаваў прэзідэнт Джо Байдэн). Двое з пяці іранцаў прызямліліся ў Катары, паведаміў амерыканскі чыноўнік. Яшчэ трое вырашылі не вяртацца ў Іран.
Стан здароўя вызваленых амерыканцаў ацэньваецца як добры. Усе яны маюць іранскае паходжанне і лічацца грамадзянамі Ірана, які не прызнае двайнога грамадзянства.
Таксама Вашынгтон пагадзіўся размарозіць іранскія нафтавыя фонды на суму ў 6 мільярдаў долараў. Гэтай здзелцы папярэднічалі перамовы, якія на працягу некалькіх месяцаў праходзілі ў Катары. Менавіта ўлады Катара будуць сачыць за тым, як Іран выдаткоўвае сродкі, каб гарантаваць, што фінансы пойдуць на гуманітарныя тавары (напрыклад, прадукты харчавання і лекі), якія не падпадаюць пад санкцыі.
ЗША і Іран па-ранейшаму застаюцца ворагамі, але з'явілася надзея на пэўную "разрадку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.