Жорсткае відэа з Ліды: прывязаную за нагу карову цягне па асфальце грузавік
Жорсткае відэа з'явілася ў сацсетках 10 студзеня. Знятае яно, як мяркуецца, у прамысловай зоне ў Лідзе.
На роліку бачна, як рабочыя прывязалі карову за нагу да грузавіка і цягнулі па асфальце. Карова спрабавала вырвацца і брыкалася, але яе ўпарта цягнулі некалькі дзясяткаў метраў.
Відэаролік быў выкладзены ў пабліку "Ліда — наш горад". Ён вылікаў сярод гледачоў абурэнне такім абыходжаннем з жывёлай.
Журналісты партала TUT.by знайшлі чалавека, які выклаў ролік. Ён паведаміў, што відэа знята 10 студзеня, а падзеі адбываюцца на бойні каля Лідскага мясакамбіната (вуліца Талстога, 14Е).
Сам мясакамбінат яшчэ ў 2018 годзе быў прызнаны банкрутам, а спыніў працу яшчэ раней. Аднак побач з ім ёсць бойня, якая належыць іншаму прадпрыемству. Паводле рэестру на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду, у Лідзе на вуліцы Талстога ёсць толькі адзін цэх па забоі буйной рагатай жывёлы і свіней. Ён належыць Лідскаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства.
УВАГА! ЖОРСТКАЕ ВІДЭА!
— Тэлеканал Белсат (@Belsat_TV) January 10, 2020
У Гарадзенскай вобласці карову прывязалі да грузавіку і жывую цягнуць па асфальце! Імаверна, што гэта мясакамбінат г. Ліда.
Via Darya Spevak pic.twitter.com/crQG85AkMK
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.