Жыхарка Мінскай вобласці падрабіла паўсотні медыцынскіх даведак
Вырабам дакументаў “у хатніх умовах” зацікавіліся праваахоўнікі.
Следчы камітэт па Мінскім раёне завяршыў папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе ў дачыненні 53-гадовай жанчыны, якая падрабіла каля 50 медыцынскіх даведак аб стане здароўя.
У 2013-2014 годзе непрацоўная жыхарка Мінскага раёна займела сабе спецыяльную тэхніку і пачала выраб фальшывых даведак. Гэтыя дакументы давалі грамадзянам права на працу ў арганізацыях грамадскага харчавання і гандлю. Для набыцця такой даведкі дастаткова было перадаць анкетныя дадзеныя і фотаздымак. Потым жанчына ўносіла ў фальшывы дакумент патрэбныя звесткі — вынікі медаглядаў, аналізаў, інфармацыю пра перанесеныя захворванні.
Зламысніца мела і падробныя пячаці і водціскі медустановаў, падробныя бланкі завераных медыцынскіх дакументаў. Яна ўмела ставіць падробленыя подпісы ўсіх чальцоў медкамісіі. Каштавала такая даведка каля 300 тысяч рублёў.
Цяпер справа аб падробцы дакументаў перададзеная ў суд, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту па Мінскай вобласці.