Жыхару Валожыншчыны за ілжывы данос на міліцыянера пагражае 6 гадоў турмы

Жыхар Валожынскага раёна заявіў, што ў яго страляў участковы міліцыянер, паведамляе kraj.by. Па словах старшага следчага Валожынскага райаддзела Следчага камітэту Сяргея Лапціка, 55-гадовы мужчына ў студзені затэлефанаваў ў міліцыю і паведаміў, што яму пагражае суседка. Калі на месца здарэння прыехаў участковы, мужчына не адчыніў яму дзверы, а набраў нумар дзяжурнага РУУС і сказаў, што міліцыянер у яго стрэліў, але не пацэліў, бо ён змог ухіліцца.

Лапцік адзначыў, што гэты ж мужчына цягам апошніх двух гадоў звяртаўся ў міліцыю 70 разоў, але ніводная яго заява не пацвердзілася. Пасля апошняй заявы праводзіўся шэраг экспертыз, якія паказалі, што са зброі ў той дзень не стралялі. Не было і слядоў пораху на руках участковага.

Дзеянні мужчыны былі расцэненыя як заведама ілжывы данос пра асабліва цяжкое злачынства. У сакавіку на мужчыну пачалі крымінальную справу. Цяпер яму пагражае 6 гадоў пазбаўлення волі.

Мужчыну адправілі на судова-псіхіятрычную экспертызу. Праваахоўнікі кажуць, што раней мужчына не прыцягваўся да судзімасці, аднак любіць выпіць.

Фота — bobruisk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі