Жыроўка мінскага дармаеда-адзіночкі – 150 рублёў у месяц
Дармаеды будуць плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі па поўнай. Гэта вынікае з новага прэзідэнцкага дэкрэта “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”, пакуль адзінае, што ў ім зразумела.
Згодна з новым дакументам, дармаедамі прызнаюць “працаздольных грамадзян незанятых у эканоміцы”. Канкрэтней у красавіку вызначыць Савет міністраў.
Паглядзім, колькі заплаціць за мінскую двухпакаёўку сям’я з трох чалавек, у якой адзін дармаед, а двое працуюць. Для гэтага ўсё, што спажыла сям’я за мінулы месяц падзелім на траіх, і для “працаздольнага і незанятага ў эканоміцы” палічым 100% тарыфаў, прынятых на гэты год. Долю іншых дваіх палічым па субсідаваных дзяржавай тарыфах.
Вось так будуць выглядаць кошты на камуналку у кватэры з адным дармаедам.
Тэхнічнае абслугоўванне — 6,51 рубля
Капрамонт — 5,2
Гарачая вада — 25,5
Халодная вада — 10,54
Цеплазабеспячэнне — 50
Вадаадвядзенне — 7,02
Вываз смецця — 5,1
Дадатковыя паслугі — 7,21
Агулам за двухпакаёўку — 117 рублёў на месяц.
А вось кошты за тую ж кватэру, калі “часова не занятага ў эканоміцы” у кватэры не будзе.
Тэхнічнае аблусгоўванне — 6,49
Капрамонт — 5,2 рубля
Гарачая вада — 10,8
Халодная вада — 10,4
Цеплазабеспячэнне — 21
Вадаадвядзенне — 7
Вываз смецця — 4,95
Дадатковыя паслугі — 7,21
Агулам — 73 рублі.
Як бачым, кошты адрозніваюцца на гарачую ваду і ацяпленне. Капрамонт каштуе столькі ж, вываз смецця танней на 6 капеек, халодная вада на 48 капеек, тэхнічнае абслугоўванне на 2 капейкі.
Горш прыйдзецца аднаму прапісанаму ў двушцы “дармаеду”. Для яго “жыроўка” пацягне на 150 рублёў.