Абяцаныя будаўнічыя работы ў Чырвоным касцёле ў Мінску так і не пачаліся
Чырвоны касцёл
У Чырвоным касцёле ў Мінску будаўнічыя работы так і не пачаліся, хаця гарадскія ўлады абяцалі пачаць іх у першым квартале 2024 года. Пра гэта піша сайт katolik.life са словаў парафіянаў. Між тым да канца квартала засталося пара дзён.
"Ніякіх прыкмет пачатку работ пакуль не назіраем, і на гэты конт нам нічога не паведамлялі. Падчас Вялікага посту парафіяне маліліся аб тым, каб гарадскія ўлады захацелі адкрыць для вернікаў касцёл на Вялікдзень", — кажуць вернікі.
Касцёл святых Сымона і Алены апячаталі пасля невялікага пажару, які адбыўся напрыканцы верасня 2022 года. Улады заявілі, быццам далейшая эксплуатацыя будынка небяспечная і там неабходна правесці рамонт.
У кастрычніку 2023 года намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран казаў: "Рэканструкцыя храма вядзецца па плане, працы не спыняліся ні на адзін дзень". Ён жа абяцаў, што работы ў будынку пачнуцца ў першым квартале 2024-га. Пасля іх завяршэння, абяцаў чыноўнік, будзе прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці касцёла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.