Адвакат Гайдукова: Прысуд будзе абскарджаны. Больш нічога не скажу

Суд прызнаў Андрэя Гайдукова вінаватым у спробе ўстанаўлення кантактаў з супрацоўнікам замежнай спецслужбы без прыкметаў здрады дзяржаве. І асудзіў на 1,5 гады агульнага рэжыму. Прысуд абавязкова будзе абскарджаны, паведаміў Еўрарадыё адвакат Гайдукова Вадзім Мушынскі.



Вадзім Мушынскі: “У частцы прызначэння пакарання прысуд будзе абскарджаны. Больш я нічога патлумачыць не магу – я знаходжуся пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў справы. Ні матэрыялаў справы, ні ходу судовага пасяджэння”.



Тым не менш адвакат звяртае ўвагу на тое, што “прыкметы здрады дзяржаве, у чым ад пачатку абвінавацілі Гайдукова, не знайшлі свайго пацверджання і таму яго дзеянні былі перакваліфікаваныя на больш мяккі від пакарання”.



Нагадаем, 27 чэрвеня пракурор запрасіў для Гайдукова 2 гады зняволення. Раней генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў, што абвінавачванне па справе Гайдукова перакваліфікаванае, аднак нумар новага артыкулу не назваў.


Суд над наваполацкім актывістам распачаўся 12 чэрвеня. Першапачаткова яго вінавацілі паводле двух артыкулаў: “Замах на злачынства” і “Здрада дзяржаве”. Гайдукову пагражала ад 7 да 15 гадоў. Затрымалі наваполацкага актывіста 8 лістапада мінулага года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі