Актывіста "Арт Сядзібы" адпусцілі на волю
Пратакол на яго адправілі на дапрацоўку.
Актывіста "Арт Сядзібы" Станіслава Бабайцава адпусцілі на свабоду. Адміністрацыйны пратакол на яго аб дробным хуліганстве суд адправіў на дапрацоўку. Пра гэта інфармуе БелаПАН са спасылкай на каардынатара "Арт-сядзібы" Мікіту Броўку.
Па словах Броўкі, на судзе выявілася, што пратакол на Бабайцава міліцыянты склалі няправільна. Яны напісалі, што затрыманы хлопец быў п'яны, хаця нават не вазілі яго на агляд. Таму суд адправіў пратакол на дапрацоўку, а самога актывіста адпусціў.
Па словах Броўкі, акрамя Бабайцава і яго сябра міліцыянты затрымалі прыкладна восем чалавек, не знаёмых "Арт Сядзібе". Усіх маладых людзей прысудзілі да штрафаў, паведаміў Броўка.
Як паведамляла Еўрарадыё, Бабайцава і яго сябра ў ноч з 23 на 24 лістапада ў цэнтры Мінску затрымалі міліцыянты. Яны вырашылі праверыць у маладых людзей дакументы, а Бабайцаў з сябрам таксама пацікавіліся службовымі пасведчаннямі міліцыянтаў. Тады міліцыянты затрымалі маладых людзей і завезлі ў пастарунак, дзе склалі пратаколы аб дробным хуліганстве. Бабайцаў адмовіўся падпісваць дакумент, і яго затрымалі да суда. Яго сябра пратакол падпісаў — і яго адпусцілі.
Фота — svaboda.org