Akute выдалі альбом, да якога няма чаго дадаць (слухаць)
“Reaĺnaść i sny” складаецца з 11 трэкаў, два з якіх — каверы на Ulis. Канцэртная прэзентацыя ў Мінску пройдзе 11 красавіка.
Магілёўскі гурт Akute прадаставіў для вольнага доступу новы альбом “Reaĺnaść i sny”.
“Мы першапачаткова падыходзілі да стварэння гэтага альбома больш сур’ёзна, — прызнаецца басіст гурта Раман Жыгараў. — Запіс рабіўся працяглы час у розных гарадах. Дараблялася, майстравалася, мантавалася ўсё ў Кіеве. Мы чакалі, што гучанне дыска стане больш сур’ёзным, у параўнанні з папярэднімі альбомамі. А калі ўбачылі вынік, то зразумелі, што нам проста няма чаго дадаць, ні па гуку, ні канцэптуальна… Ён неяк сам па сабе склаўся!”
Дыск складаецца з 11 трэкаў, два з якіх (“Як на далоні” і “Марнатраўны сын”) — каверы песень гурта Ulis.
11 красавіка ў сталічным Re:Public адбудзецца канцэртная прэзентацыя. Адмыслова для яе музыкі падрыхтавалі не менш чым двухгадзінны сэт, які складаецца з 30 песень.
Таксама прэзентацыі пройдуць 20 красавіка ў магілёўскім клубе “Куба”, 25 красавіка на гарадзенскім фэсце “Хавайся ў бульбу”, 26 красавіка ў берасцейскай “Сферы” і 1 траўня ў маскоўскім клубе ArteFAQ.