Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязнем сумлення
Прысуд яму праваабаронцы расцэньваюць як частку доўгатэрміновай кампаніі пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязнем сумлення. Прысуд Рубцову разглядаецца як частка доўгатэрміновай кампаніі пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці з боку беларускіх уладаў, інфармуе праваабарончы сайт "Вясна".
Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю па вызваленні Рубцова. Праваабаронцы заклікаюць міжнародную супольнасць пісаць звароты на імя Аляксандра Лукашэнкі і генпракурора Беларусі, згадваючы, што Рубцоў з’яўляецца вязнем сумлення, зняволеным выключна за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў. Amnesty International прапануе патрабаваць ад беларускіх ўладаў неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязня. Таксама арганізацыя патрабуе спыніць пераслед і запалохванне актывістаў грамадзянскай супольнасці.
Былы палітвязень і праваабаронца Алесь Бяляцкі кажа, што гэта добрая маральная падтрымка Юрыю Рубцову, якога нядаўна асудзілі на два гады калоніі.
Фота — svaboda.org