Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі беларуса Андрэя Гнёта
Андрэй Гнёт
Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі на радзіму беларуса Андрэя Гнёта. Як паведамляе DW Беларусь, будзе новы разгляд яго справы. Ён прызначаны на 26 сакавіка. Тэрмін утрымання Гнёта пад вартай працягнулі яшчэ на 60 дзён.
Апеляцыйны суд патлумачыў рашэнне тым, што не ўсе абставіны, на падставе якіх была вынесеная пастанова аб экстрадыцыі, былі даследаваныя. Таксама беларусу не далі слова ў ходзе першага працэсу.
"Трэба ўлічваць, што раней Камісія па файлах Інтэрпал заблакавала доступ да даных Андрэя Гнёта, — кажа дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. — Таму я спадзяюся, што суд першай інстанцыі прыме рашэнне не экстрадаваць яго ў Беларусь, і Гнёта хутка адпусцяць". Але яшчэ як мінімум два тыдні яму давядзецца правесці ў турме ў Бялградзе.
Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысёр і палітычны актывіст, якога называюць сузаснавальнікам "Свабоднага аб'яднання спартсменаў SOS BY" (у РБ прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем"). Яго затрымалі ў кастрычніку 2023 года ў Сербіі па абвінавачванні ў эканамічнай справе — рэжым Аляксандра Лукашэнкі абвясціў палітычнага актывіста ў міжнародны вышук. Абарона Гнёта кажа пра палітычны пераслед і называе ўнясенне яго ў спіс Інтэрпала палітычна матываваным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.