Ашуканцы падрабілі старонкі банкаў і скралі ў кліентаў 110 тысяч рублёў
Ніхто з карыстальнікаў, заходзячы на фішынгавую старонку, не заўважыў падвоху / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
За два месяцы ашуканцы праз фішынгавыя старонкі беларускіх банкаў спісалі з карт-рахункаў беларусаў каля 110 тысяч рублёў. Адзін з удзельнікаў афёры — 21-гадовы жыхар Брэста — затрыманы, расказалі ў прэс-службе УСК па Магілёўскай вобласці.
Пацярпелымі па гэтай справе прызнаныя 112 чалавек. Гісторыя пачалася ў лістападзе мінулага года. Змоўшчыкі брастаўчаніна "стварылі фішынгавыя інтэрнэт-рэсурсы, візуальна падобныя да афіцыйных сайтаў некалькіх банкаў Рэспублікі Беларусь, а таксама віртуальную гандлёвую пляцоўку", расказалі ў СК.
Калі кліенты банкаў уводзілі ў пошукавы радок браўзера запыт на ўваход у інтэрнэт-банкінг, адной з першых спасылак з'яўлялася спасылка на фішынгавую старонку. Візуальна яна была падобная да старонкі банка. Кліент уводзіў дадзеныя, але ажыццявіць плацёж не мог. А потым у яго з карт-рахунку знікалі грошы. "Ніхто з карыстальнікаў, заходзячы на фішынгавую старонку, не заўважыў падвоху", — адзначылі ў Следчым камітэце.
Затрыманаму брастаўчаніну выставілі абвінавачванні ў "замаху на крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі" і "ў легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам". Расследаванне крымінальнай справы завершанае, матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
Матэрыялы ў дачыненні да змоўшчыкаў фігуранта вылучаныя ў асобную вытворчасць. Але хто яны, невядома. Следству яшчэ трэба будзе высветліць іх асобы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.