Аўтапарк крамы “Канфіскат”: ад “Запарожца” да Porsche і Dodge з крышталямі ад Swarovski

Мінская рэгіянальная мытня затрымала да рашэння суда Lamborghini Gallardo Spyder. Аўтамабіль належыць грамадзяніну Венесуэлы. Ён парушыў правілы ўвозу машыны на тэрыторыю Мытнага саюза. На суперкары з замежнымі нумарамі можна было ездзіць толькі год, а пасля трэба было звярнуцца да мытнікаў, каб тэрмін падоўжылі. Кошт машыны — 200 тысяч долараў.

Высвятляем, куды ж трапіць элітны аўтамабіль, калі гаспадар прайграе суд і Lamborghini канфіскуюць на карысць дзяржавы.

“Канфіскаванымі машынамі займаецца гандлёвы дом “Усходні”. Яны іх пасля рэалізуюць”, — адказваюць на мінскай рэгіянальнай мытні.

Машыны ў кіроўцаў-парушальнікаў у мінскім рэгіёне затрымліваюць штомесяц. А магілёўская мытня з пачатку года выняла машын на 3,7 мільярды рублёў.

“Розныя моманты бываюць. Хтосьці забывае падоўжыць тэрміны, хтосьці завёз, прадаў і не вывез машыну. Цяпер нават ёсць “Запарожац” з Украіны, з парушэннем тэрмінаў часовага увозу, яго ацанілі ў 30 мільёнаў рублёў”, — апісваюць на мінскай рэгіянальнай мытні.

У канфіскаце гандлёвага дома “Усходні” знаходзім BMW530 GTI за 33 тысячы долараў, а вось Porshe за 60 тысяч ужо забралі.

“Быў у нас Dodge ram 2013 года, лімітаваная серыя, крышталі "Свароўскі" ў панелі, салон абшыты скурай. Ён пайшоў за 47 тысяч з аўкцыёну. Быў Porsche Panamera 4 базавай камплектацыі. Спярша каштаваў каля 80 тысяч, пасля пераацанілі і прадалі за 60 тысяч. У астатнім — усё, кажучы простай мовай, чармет”, — расказваюць у гандлёвым доме.

Машыны тут набываюць, калі іх кошт значна ніжэйшы за рынкавы.

“Калі рынкавы кошт 10 тысяч, а ў нас каштуе 6, тады з’яўляецца цікавасць. Часцяком машыны кантрабандныя, з распілаваным дном і парэзаным салонам”, - дадаюць у "канфіскаце".

Адно з самых дарагіх, што знаходзім у каталогу канфіскату, — грузавік DAF. Ён каштуе больш за 500 мільёнаў. Ёсць нават канфіскаваны трактар “Беларус-82” за 43 мільёны.

Фота: carwallpapers.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі