Бацька Кныровіча: “Тры мільёны не выплацім, нават калі прададзім завод”

Фота: Myfin.by     
Фота: Myfin.by     

Вядомага бізнесоўца, кіраўніка групы кампаній “Сармат” Аляксандра Кныровіча абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў і хабарніцтве. Абвінавачванне сцвярджае, што з 2008 года кампанія не пагасіла падаткаў амаль на 3,4 мільёна рублёў. 19 красавіка Кныровіч часткова прызнаў віну. Журналіст Еўрарадыё абмеркавала апошнія навіны з бацькам бізнесоўца.

Станіслаў Кныровіч пасяджэнні суда не наведвае. У лісце напярэдадні сын папрасіў не хадзіць першы тыдзень, не марнаваць нервы. Маўляў, будуць зачытваць абвінавачванні, нічога больш важнага адбывацца не будзе. Бацька “сочыць за навінамі ў СМІ і займаецца справамі”.

“Прадпрыемства павiнна жыць, таму трэба падтрымліваць нармальную працоўную атмасферу. Плаціць людзям заробкі, выплачваць падаткі. Акрамя таго, кожны месяц трэба аплачваць банкаўскія крэдыты”, — кажа Станіслаў Францавіч.

На пасяджэнні 19 красавіка Кныровіч нечакана паведаміў, што часткова прызнае сваю віну. Гэта тычыцца абодвух абвінавачванняў — у нявыплаце падаткаў і хабарніцтве.

“Думаю, былі важкія довады. Пакуль не ў курсе”, — кажа бацька.

Але адкуль узялася гэтая сума — 3,4 мільёна нявыплачаных падаткаў?

“Я выдатна разумею, адкуль, — не здзіўляецца Станіслаў Кныровіч. — У краіне няма грошай. Таму, чым больш “нявыплачаных падаткаў” цяпер выставіць — тым лепш. Але кожны, хто што-небудзь чуў пра гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства, разумее: калі ты не заплаціў хоць бы рубель падаткаў, то ніякай працы няма. Падатковая інспекцыя арыштоўвае ўсе рахункі, пакуль ты не заплаціш грошы. Таму тры з лішнім мільёны, пра якія зараз ідзе гаворка, — гэта не падаткі, а чыста тэарэтычны разлік, накшталт нанесенай шкоды. Падаткі такога памеру быць не могуць!”

Ці спадзяюцца блізкія на тое, што бізнесоўца выпусцяць на свабоду?

“Трэба сачыць за ходам суда, — кажа бацька. — Слухаць, нават з якой інтанацыяй зачытваюць абвінавачванні. Калі сапраўды абавяжуць заплаціць тры мільёны, то, зразумела: яго ніхто ніколі не выпусціць. Адкуль узяць грошы? Можна налічыць тры мільёны, можна дзесяць, але завод адзін. Калі завод прадаць, атрымаецца ну мільён, ну два. Прадаць усё? Так ты не прадасі! Я ведаю людзей, якія абвешчаныя банкрутамі. Яны па тры-чатыры гады не могуць прадаць вытворчы будынак. Сёння гэта нікому не трэба. Замкнёнае кола".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі