БАТЭ выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў (відэа, каментарыі, статыстыка)

Барысаўскі БАТЭ выйшаў у плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. У матчы ў адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнда галоўнага еўракубкавага турніру чэмпіёны беларусы перамаглі венгерскі "Відэатон" 1:0 (першы матч 1:1).

Адзіны гол на 82-й хвіліне з перадачы Максіма Жаўнерчыка забіў Неманя Нікаліч. Гэта першы гол былога футбаліста мінскага "Дынама" за БАТЭ.

Відэа: by.tribuna.com

Адзначым, што з 60-й хвіліны беларускі клуб гуляў у большасці. За другую жоўтую картку быў выдалены паўабаронца гасцей.

"Мы павінны былі больш забіваць... Напэўна, нам не шанцавала. Бывае такое, што не ідзе і не ідзе, хоць на трэніроўках усё забіваеш... Напэўна, дапамагло выдаленне", ― адзначыў абаронца БАТЭ і адзін з лепшых гульцоў матчу Максім Жаўнерчык.

"Сёння аддаў усё, што ёсць, ― пракаментаваў аўтар забітага гала Неманя Нікаліч. ― У нас было шмат момантаў, але пасля выдалення іх гульца мы супакоіліся. Зараз будзем гуляць за групавы этап Лігі чэмпіёнаў".

"Эмоцыі толькі станоўчыя, ― сказаў пасля матчу галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч. ― Калі б мы былі больш спакойныя, то, напэўна, забілі б і раней. А так мы надзейна згулялі ззаду, і гол Нікаліча ― гэта ўзнагароджанне. Сёння ў плане настрою мы былі лепш. Другі паядынак мы правялі больш якасна. Ведаючы саперніка, нам было прасцей гуляць. Нам патрэбная футбольная восень ― для ўсяго беларускага народа. Задача мінімум ўжо выкананая, і нам трэба патрапіць туды, дзе мы ўжо шмат разоў былі".

Адзначым, што БАТЭ ўжо гарантаваў сабе ўдзел у восеньскім розыгрышы еўракубкавых турніраў: калі атрымаецца прайсці плэй-оф, сапернік па якім вызначыцца 7 жніўня, то гэта будзе Ліга чэмпіёнаў. Калі не ― то барысаўчане гарантавана згуляюць у групавым раўндзе Лігі Еўропы.

Падчас лёсавання БАТЭ будзе ў кошыку сеяных каманд. Сапернікамі барысаўчан у плэй-оф турніру могуць стаць: бялградскі "Партызан", шведскі "Мальме", тэль-авіўскі "Макабі", казахстанская "Астана" і албанскі "Скендербеу", які БАТЭ прайшоў у 2-м кваліфікацыйным раундзе Лігі чэмпіёнаў у мінулым годзе.

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі