Беларусь абмежавала пастаўкі некаторых расійскіх прадуктаў
Прычына — неадпаведнасць санітарным нормам, прынятым у Беларусі.
Галоўны санітарны лекар Беларусі Ігар Гаеўскі прыпыніў абарачэнне на тэрыторыі Беларусі шэрагу прадуктаў харчавання з Расіі і Літвы. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце санітарна-эпідэміялагічнай службы Мінска, паведамляе TUT.by
У адпаведнасці з пастановай №60 намесніка міністра аховы здароўя — галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Беларусі прыпыненае абарачэнне на тэрыторыі краіны макарон хуткага прыгатавання “Залатая лапша”, “Лагман па-дунганску” і “Біг Ланч” вытворчасці расійскай кампаніі “БіяФуд” Прычына — неадпаведнасць гэтых прадуктаў беларускім санітарна-эпідэміялагічным нормам і тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза паводле мікрабіялагічных паказнікаў.
Пастановай №61 прыпыненае абарачэнне ў Беларусі натуральнай молатай кавы “Мока” ад расійскай кампаніі “Пауліг Рус”. Прычынай стала ўтрыманне ў прадукце афлатаксіну В1.
Раней пастановай Гаеўскага быў прыпынены транзіт віннага газаванага напою Bosca Anniversary вытворчасці літоўскай кампаніі “Босліта і Ко”, а таксама вываз гэтай прадукцыі з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Расіі.