Беларусь хоча павысіць тарыфы на транспартаванне расійскай нафты на 21,7%
Беларусь хоча павысіць тарыфы на транспартаванне нафты на 21,7% з 1 жніўня. Паводле падлікаў, такое падвышэнне дазволіць ААТ “Гомельтранснафта Дружба” кампенсаваць выдаткі, панесеныя ад траплення ў нафтаправод “Дружба” бруднай нафты з Расіі. Паводле інфармацыі Interfax.by, гэта вынікае з ліста ад 1 ліпеня на адрас “Транснафты”. У ім беларуская кампанія просіць расійскую манаполію ўзгадніць рост тарыфаў.
У лісце сказана, што ў выніку траплення ў беларускую магістральную трубаправодную сістэму некандыцыйнай нафты здарылася прыпыненне транспарціроўкі сыравіны ў кірунку Адамава і на Броды. І дагэтуль транспарціроўка ў кірунку Адамава ажыццяўляецца часткова. Праз такі форс-мажор беларуская кампанія страціла 23,7 мільёна долараў. Страты разлічаныя з улікам дадатковых прыбыткаў ад транспарціроўкі нафты ў рэверсіўным кірунку.
З-за такіх акалічнасцей аб’ёмы транспарціроўкі знізіліся і ўзровень цяперашніх тарыфаў не дазваляе пакрыць эксплуатацыйныя выдаткі, звязаныя з абслугоўваннем аб’ектаў магістральнага нафтаправода, а таксама рэалізацыю праграмы тэхнічнага пераўзбраення ў 2019 годзе.
Расійская “Транснафта” пакуль не каментуе прапановы беларускага боку.
У красавіку ў сістэму нафтаправодаў на тэрыторыі Беларусі трапіла расійская нафта, забруджаная хларыдамі. У сувязі з гэтым транзіт сыравіны ў Еўропу быў спынены 24 красавіка. Пастаўкі чыстай нафты аднавіліся, але Беларусь дагэтуль вымушаная ачышчаць сваю нафтаправодную сістэму ад некандыцыйнай нафты, і гэты працэс скончыцца толькі ў сярэдзіне жніўня.
Штогод аб’ём транзіту расійскай нафты праз Беларусь складае каля 50 мільёнаў тон.
Прапанова павысіць тарыфы гучала яшчэ ў сярэдзіне красавіка, і Мінск матываваў гэта неабходнасцю захаваць экалагічную бяспеку трубаправодаў. Аднак Расія не падтрымала гэтую прапанову, спаслаўшыся на яе недастатковае абгрунтаванне. Затым тэма павышэння тарыфаў адышла на другі план пасля інцыдэнту з забруджанай нафтай.