Беларусь — у лідарах па адсутнасці свабоды СМІ
Нават “апошняя выспа свабоды” — беларускі інтэрнэт — атрымала самыя нізкія адзнакі медыяэкспертаў.
Супакою: пакуль дыктатарскія краіны Азіі і Афрыкі нас па свабодзе СМІ не апярэджваюць. Новы “Індэкс свабоды медыя” вызначае ступень захавання правоў і свабод журналістаў сярод шасці краін Усходняга партнёрства — Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.
“Гэта ацэнка магчымасцяў мас-медыя і журналістаў у рэалізацыі сваіх правоў па зборы, распаўсюдзе інфармацыі без ціску, пераследу, кантролю з боку ўлады, сілавых, спецструктур і гэтак далей у нашых краінах”, — тлумачыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.
Рыхтавалі гэты першы “Індэкс Усходняга партнёрства” з дапамогай апытання медыяэкспертаў — па 10 з кожнай краіны. Яны адказвалі на 55 пытанняў, разбітых на 4 блокі. Па ўсіх блоках Беларусь — на апошнім месцы, канстатуе намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец. У тым ліку, што апынулася дзіўным нават для яго, адносна блоку “Інтэрнэт і новыя медыя”.
Андрэй Бастунец: “Але калі мы паглядзім, на якія пытанні адказвалі эксперты, то, магчыма, стане зразумелым, чаму такая ацэнка. Пытанні былі: “Ці існуюць у краіне законы ці падзаконныя акты, якія абмяжоўваюць свабоду інтэрнэту, органы, якія рэгулююць інтэрнэт?”, “Ці былі выпадкі арышту, пакарання ў адміністрацыйным парадку блогераў, актыўных карыстальнікаў інтэрнэту?”, “Ці існуе дзяржаўная манаполія ў сферы аказання інтэрнэт-паслуг?” і гэтак далей. На ўсе гэтыя пытанні адказы відавочныя...”
Хто ж тыя эксперты, якія “апусцілі” Беларусь на апошняе месца па свабодзе СМІ? Жанна Літвіна шчыра прызнаецца: яна была ў гэтай дзясятцы. Але астатніх называць адмаўляецца — такія ўмовы апытання. Толькі ўдакладняе: гэта і журналісты, і праваабаронцы, і сацыёлагі, і грамадскія дзеячы.
Як стала вядома Еўрарадыё, сярод экспертаў нікога дэлегаванага, да прыкладу, афіцыйным Саюзам журналістаў няма! Старшыня БАЖ тлумачыць гэта “працэдурай”.
Жанна Літвіна: “Ініцыятыва стварэння Індэкса свабоды прэсы зыходзіць ад падгрупы па СМІ Форума грамадзянскай супольнасці (Усходняга партнёрства. — заўв. Еўрарадыё). Дык вось, на Форуме грамадзянскай супольнасці такая арганізацыя, як Саюз журналістаў, не прадстаўленая”.
А экспертаў маглі выбіраць выключна са структур, што бяруць удзел у працы Форума. І гэта быў суб’ектыўны выбар экспертаў, прызнае Андрэй Бастунец. Прычым — паводле рэкамендацыі БАЖ.
Тым не менш абодва прадстаўнікі БАЖ упэўніваюць: адзнакі і выніковы бал Беларусі ў гэтым Індэксе адпавядаюць рэчаіснасці.
Медыяэксперты не толькі вызначылі ўзровень свабоды СМІ ў нашай краіне, але і распрацавалі рэкамендацыі для паляпшэння становішча. Сярод іх: унесці шэраг зменаў у закон “Аб СМІ”, “Аб дзяржаўных сакрэтах”, прыняць закон аб доступе да інфармацыі, адмяніць крымінальную адказнасць за паклёп ды іншыя. З гэтымі прапановамі БАЖ будзе выходзіць на дэпутатаў парламента, накіруе іх у Мінінфармацыі.
Згодна са словамі Літвіной, абнаўляцца Індэкс будзе кожныя тры месяцы. Праўда, нават у БАЖы не вераць, што бліжэйшыя абнаўленні нешта зменяць у рэйтынгу.
Фота: Змітра Лукашука