Беларускага блогера ў Дубаі падазраюць у шпіянажы
Дрон, ілюстрацыйнае фота
У Дубаі затрымалі грамадзян Беларусі і Расіі — Радзівона Куліка і Кірыла Коласава. Іх падазраюць у шпіянажы і пачалі крымінальную справу, піша тэлеграм-канал Mash.
Блогеры Кірыл Коласаў і Радзівон Кулік у красавіку прыехалі ў ААЭ, каб зняць кантэнт. У Дубаі яны жылі ў гатэлі Marina Diamond 6 і неяк уначы падняліся на дах, каб паздымаць панарамныя віды на тэлефоны і фотаапараты. З даху маладыя людзі спусціліся толькі зранку. Іх заўважыў ахоўнік і звярнуўся ў паліцыю.
Пры ператрусе ў сумцы Куліка знайшлі квадракоптар, які ён купіў у ААЭ за свае грошы. Блогераў-замежнікаў западозрылі ў шпіянажы. Іх затрымалі, і наступныя тры дні беларус і расіянін правялі ў камеры. На іх пачалі крымінальную справу за незаконны запуск беспілотніка і ўзялі падпіску аб нявыездзе.
Самі блогеры кажуць, што дрон у тую ноч з даху гатэля не запускалі, бо была моцная залева (верагодна, гаворка ідзе пра сярэдзіну красавіка, калі на Дубай абрынуліся моцныя дажджы).
Цяпер блогеры не могуць пакінуць краіну, у іх заканчваюцца візы, а зрухаў у справе няма. Калі тэрмін дзеяння візы скончыцца, ім будзе налічвацца штраф за кожны дзень нелегальнага перабывання ў Дубаі.
Хлопцы наракаюць, што жыць ім ужо няма на што, а знайсці легальную працу немагчыма, бо ёсць крымінальная справа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.