Беларуская партыя "Зялёныя" падала ў Мінюст дакументы на перарэгістрацыю
Сімволіка Беларускай партыі "Зялёныя"
Дакументы на перарэгістрацыю падала ў Міністэрства юстыцыі Беларуская партыя "Зялёныя". Пры гэтым партыя не далучыла спіс чальцоў, піша тг-канал "Позірк".
Прадстаўнік "Зялёных" патлумачыў, што закон "Аб абароне персанальных даных" прызнае "спецыяльнымі персанальнымі данымі" асабістыя звесткі наконт палітычных поглядаў. Іх апрацоўка "без згоды суб'екта персанальных даных забараняецца і не можа быць ажыццёўлена без згоды ўсіх чальцоў партый".
"Мы не маем ілюзіяў, што пройдзем перарэгістрацыю. Асноўны матыў, чаму падалі дакументы, — не хочам самаліквідавацца. Мы хочам дайсці да Вярхоўнага суда", — кажуць у партыі.
Па словах "Зялёных", сёння ёсць супярэчнасць паміж законамі пра партыі і персанальныя даныя, а нарматыўна-прававы акт, паводле якога адбываецца перарэгістрацыя, не адпавядае Канстытуцыі.
Партыя хоча давесці справу да Вярхоўнага суда, каб суддзі "прынялі рашэнне па гэтых пытаннях і працэс быў галосным".
Прадстаўнікі ўлады неаднаразова заяўлялі, што пасля перарэгістрацыі ў Беларусі застануцца тры-чатыры палітычныя партыі. Першую рэгістрацыю паводле новых правілаў атрымала новаствораная праўладная партыя "Белая Русь".
Беларуская партыя "Зялёныя" ў 2020 годзе адмовілася ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. У лютым 2022-га кіраўнік партыі Дзмітрый Кучук ад імя партыі асудзіў напад Расіі на Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.