Беларускія “апазіцыйныя” левыя асудзілі антыкамуністычны закон ва Украіне

Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” выступіла з асуджэннем прынятага ва Украіне закона, які забараняе прапаганду камуністычнай ідэалогіі і выкарыстанне камуністычных найменняў і сімволікі. Таксама гэты закон забараняе прапаганду нацызму. Абурэнне беларускіх левых выклікала тое, што такім чынам паміж камунізмам і нацызмам “ставіцца знак роўнасці”.

Таксама партыя абураная адначасовым прыняццем ва Украіне закону аб ушанаванні памяці ўдзельнікам барацьбы за незалежнасць Украіны ў ХХ стагоддзі, да якіх адносяць АУН, УПА ды іншых арганізацый, якія “Справядлівы свет” называе “адыёзнымі”.

Беларускія левыя таксама палічылі патрэбным нагадаць украінскім уладам, што беларуская вёска Хатынь была спаленая “менавіта ўкраінскімі калабарацыяністамі”, а таксама пра “факты супрацоўніцтва АУН і УПА з нацыстамі”.

Прыняцце гэтых законаў, мяркуюць у партыі “Справядлівы свет”, “ставіць сабе на мэце сказіць гістарычную памяць украінскага народа, растаптаць святарную памяць пра мільёны загінулых у барацьбе з нацызмам, абразіць і прынізіць ветэранаў, якія цяпер жывуць, і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў канцэнтрацыйных лагераў, усіх сапраўдных змагароў за свабоду і незалежнасць Украіны”, цытуе зварот беларускіх левых БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі