Беларускую Нацплатформу Усходняга партнёрства прапануюць распусціць
Яе лёс вырашыцца ў чэрвені.
У Мінску 5 траўня прайшоў круглы стол на тэму "Усходняе партнёрства напярэдадні Рыжскага саміту: выклікі і задачы для грамадзянскай супольнасці Беларусі". Ён скончыўся нечаканай прапановай.
Кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" Уладзімір Мацкевіч прапанаваў распусціць Нацыянальную платформу, каб ачысціць яе ад арганізацый, няздольных весці канструктыўную працу. Пасля гэтага, кажа Мацкевіч, трэба выбудоўваць новае аб'яднанне з нуля і на новай аснове. На думку Мацкевіча, з Еўропай ад імя Беларусі размаўляе толькі рэжым. Ён запатрабаваў ад Нацплатформы выпрацаваць уласную пазіцыю наконт прэзідэнцкай кампаніі.
Генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" Улад Вялічка прааналізаваў шасцігадовае існаванне Усходняга партнёрства і Беларускай Нацыянальнай платформы. Па яго словах, якія перадае eurobelarus.info, для Беларусі гэты перыяд абярнуўся страчанымі і нявыкананымі магчымасцямі рэфармавання краіны.
Пасля дыскусіі было вырашана, што ў чэрвені адбудзецца канферэнцыя Нацплатформы. На ёй будзе вырашана пытанне пра пазіцыю Нацплатформы па прэзідэнцкіх выбарах. Тамсама абмяркуюць і мэтазгоднасць існавання Нацплатформы ў цяперашнім выглядзе.