"Белсату" давядзецца зліквідаваць шмат перадачаў" — Агнешка Рамашэўская
Агнешка Рамашэўска
Новыя ўлады Польшчы істотна скарачаюць фінансаванне тэлеканала "Белсат". Дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы кажа пра яго "фактычную ліквідацыю". Па яе словах, "Белсату" давядзецца адмовіцца ад мноства перадач.
Тэлеканал "Белсат" ужо 16 гадоў фінансуецца праз адзін з дэпартамэнтаў Міністэрства замежных справаў Польшчы. Летась на яго фінансаванне было вылучана 63 мільёны злотых, а сёлета — толькі 40 мільёнаў злотых.
"Розніца — амаль 6 мільёнаў долараў. Раней кіраўніцтва "Белсата" штогод запрашалі ў МЗС, і мы дыскутавалі пра кірунак нашага развіцця. Сёлета такой сустрэчы не было. Мне паведамілі, што нехта з Польскай тэлевізіі такія размовы вядзе, але хто — не ведаю. Таму я не ведаю дэталяў, бо са мной практычна ніхто не размаўляе. А новыя ўлады тэлевізіі не ў курсе, як мы працуем, бо яны толькі прыйшлі", — тлумачыць Рамашэўская ў каментары Радыё "Свабода".
Па яе словах, "Белсату" ў такіх умовах давядзецца адмовіцца ад шэрагу праграм. "Для параўнання: на цыклічныя перадачы "Белсата", такія як "Двубой з Цыганковым", "План B", "Вячэрні шпіль", мы выдаткоўваем 17 мільёнаў злотых. Гэта палова таго, што нам збіраюцца абрэзаць. Людзі часам не разумеюць, колькі каштуе тэлевізія. Гэта выдаткі на тэхніку, спадарожнік, студыі", — тлумачыць кіраўніца тэлеканала.
Яна мяркуе, што скарачэнне фінансаў можа быць звязанае з планамі новага тэлеканалу TVP World: яго хочуць зрабіць аналагам шматмоўных каналаў Deutsche Welle ці BBC. "Магчыма, ад нас хочуць забраць рускамоўныя праграмы. Але не ўяўляю, як гэта будзе адбывацца. Мы маем рускамоўнага гледача, больш за 1,3 мільёна падпісчыкаў на Youtube. У нас працуюць спецыялісты, якія гэта паспяхова робяць. Навошта нешта мяняць, калі ўсё працуе — загадка", — мяркуе Рамашэўская.
На яе думку, польскае фінансаванне можа паменшыцца і для іншых беларускіх СМІ. Яна звяртае ўвагу, што бюджэт Фонду міжнароднай салідарнасці, які фінансаваў "Радыё Рацыя", Еўрарадыё і "Радыё Ўнэт", скараціўся на 9 мільёнаў злотых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.