Белтэлерадыёкампанія: Айван будзе ў касцюме, а ваўкі — у графіцы нумара
Канчатковы вобраз беларускага ўдзельніка "Еўрабачання" будуць узгадняць Белтэлерадыёкампанія і Еўрапейскі Вяшчальны Саюз. Па словах прэс-сакратара Белтэлерадыёкампаніі Святланы Смалонскай-Краскоўскай, не факт, што на сцэну "Еўрабачання" ад Беларусі выйдзе аголены Ivan у атачэнні ваўкоў:
"Прадзюсарскі цэнтр Віктара Дробыша, які займаецца творчым складнікам нумара і ўвогуле падрыхтоўкай да конкурсу "Еўрарбачанне", распрацоўвае розныя варыянты. Вобраз з ваўкамі — адзін з вобразаў і, натуральна, гэта не азначае, што ён будзе сто адсоткаў прысутнічаць на сцэне".
Паводле прэс-сакратара, нумар Айвана будзе высокатэхналагічным. Ваўкі ў ім з'явяцца, а вось Іваноў усё ж будзе апрануты:
"Саша будзе ў касцюме, а ваўкі, так жа, як і на нацыянальным адборы, будуць інтэграваныя ў шоў у графіку".
Сёлета Белтэлерадыёкампанія займаецца арганізацыйнымі пытаннямі, датычнымі паездкі прадстаўніка Беларусі на конкурс у Стакгольм. Сам нумар рыхтуецца ў Маскве ў прадзюсарскім цэнтры Віктара Дробыша, які "патрануе" беларускага спевака. У размове з Еўрарадыё, Віктар Дробыш распавёў, што не абмяркоўваў з беларускім бокам ідэю з ваўкамі і аголеным Івановым:
"Ведаеце, можа, я не маю рацыі, але я нічога не ўзгадняў. Думаю, што яны даведаліся пра ўсё разам з вамі. Гэта, можа быць, збольшага мой мінус, тое, што я чалавек, які не зусім жыве па правілах... А можа быць, і плюс. Галоўнае, каб да 12 траўня мы падышлі з канчаткова аформленым нумарам з поўнай дамоўленасцю з арганізатарамі "Еўрабачання". Задача наша, бачыць Бог, зрабіць не проста круты нумар Беларусі, а каб "Еўрабачанне" стала яшчэ на крок круцейшым".
Нагадаем, надоечы з'явіліся правакацыйныя фота ўдзельніка Беларусі на "Еўрабачанні-2016" у аголеным выглядзе ў акружэнні ваўкоў. 21 сакавіка прадзюсер Айвана пацвердзіў Еўрарадыё, што вобраз сімвалізуе яднанне чалавека і прыроды, і менавіта ён будзе прадстаўлены на конкурсе.
"Еўрабачанне-2016" пройдзе ў Стакгольме з 10 па 14 траўня. Удзельнік ад Беларусі Аляксандр Іваноў выступіць у другім паўфінале 12 траўня.
Дробыш пра аголенага Айвана з ваўкамі: Беларусы павінны быць у нечым першымі