Бізнэсоўца Кныровіча вінавацяць у недаплачаных падатках на 3,374 мільёна рублёў
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска ідзе разбіральніцтва па справе бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча, заснавальніка і дырэктара "СарматТэрма-Інжынірынг", і яго калег.
Кныровіча вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці) і дачы хабару, у тым ліку паўторна або ў асабліва буйным памеры (ад двух да сямі гадоў пазбаўлення волі).
Таксама на лаве падсудных апынуліся яшчэ чатыры работнікі гэтай кампаніі: намеснік дырэктара па эканоміцы Ігар Максімаў, намеснік дырэктара па продажах Яўген Папоўскі, вядучы эканаміст Андрэй Кускоў і беспрацоўны Уладзімір Дашкевіч.
Адвакатка Максімава папрасіла змяніць меру стрымання свайму падабароннаму, бо ён цалкам прызнаў віну. Таксама ён мае некалькі сур'ёзных захворванняў (у тым ліку анкалагічны і кардыялагічны дыягназы), і на яго ўтрыманні знаходзіцца старая маці. Але дзяржабвінаваўца Аксана Саковіч выказалася супраць: па яе словах, Максімаў можа аказаць ціск на сведак, а акрамя таго прычыніў буйную шкоду. Суддзя Юлія Крэпская адхіліла хадайніцтва.
Пасля гэтага чамусьці адбылася замена дзяржабвінаваўцы: замест Аксаны Саковіч цяпер будзе Аксана Дудко, піша tut.by.
Як заявіла дзяржабвінаваўца, падсудныя перадавалі хабар супрацоўнікам сістэмы ЖКГ. У абвінавачанні, якое зачытала Дудко, некалькі разоў гучыць сума ў тысячу рублёў, бутэлькі армянскага каньяку ды "іншыя матэрыяльныя каштоўнасці".
Па версіі абвінавачання, Кныровіч праз створаную ў Расіі кампанію "СТІ трэйдзінг", дзе заснавальніцай была яго маці, заніжаў падаткі ў Беларусі. Агульная сума падатковых прэтэнзій, выстаўленая сузаснавальніку "СарматТэрма-Інжынірынг" і былому дырэктару Дашкевічу, — 2,963 млн руб., Кныровіч — 3,374 млн руб.
Пра затрыманне Кныровіча КДБ паведаміў 27 студзеня 2017 года. Таксама былі затрыманыя шэраг яго супрацоўнікаў і кіраўнікоў сістэмы ЖКГ. Па інфармацыі спецслужбы, прадстаўнікі ТАА "СарматТэрма-Інжынірынг" з 2014 года давалі хабар службовым асобам прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацый энергетыкі, каб забяспечыць "дамоўныя" біржавыя таргі для продажу дарагой прадукцыі — папярэдне тэрмаізаляваных трубаў (ПІ-труб).