Ці пабудуюць Нацыянальны футбольны стадыён з трэцяга разу? (фота)
Спачатку будаваць арэну збіраліся ў Шчомысліцы. Потым вырашылі рэканструяваць “Дынама”. Чарговы план — Нацыянальны стадыён на месцы “Трактара”.
Нацыянальны футбольны стадыён Беларусі, паводле слоў кіраўніка Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, плануюць збудаваць на базе сталічнага “Трактара”. А стадыён “Дынама”, калі верыць чыноўніку, хочуць пераўтварыць у лёгкаатлетычную арэну: там можна будзе і ў спрынце паспаборнічаць, і ў футбол пагуляць.
Але на слова верыць гэтым планам, звычайна зменлівым, як беларускае надвор’е, рызыкоўна. Спачатку Нацыянальны стадыён на 30 тысяч месцаў збіраліся паставіць у мікрараёне Шчомысліца. Рэканструкцыю ацэньвалі ў паўмільярда долараў. Ішоў 2010 год.
Праект Нацыянальнага стадыёна ў Шчомысліцы
У 2012-м у Нацыянальны футбольны стадыён збіраліся пераўтварыць “Дынама”. Спачатку арэну аддавалі на рэканструкцыю ў рукі венгерскай кампаніі Graboplan, якую ў выніку адправілі з Беларусі.
Венгерская версія Нацыянальнага футбольнага стадыёна
Потым у конкурсе дызайн-праектаў перамагла вядомая нямецкая кампанія GMP. За малюнак немцам добра заплацілі, але на ролю рэканструктараў яны не падышлі. Суму на ажыццяўленне праекта (яго ў выніку ацанілі ў 180-190 млн еўра) таксама не пацягнулі.
Праект GMP
І вось, пасля чарговага ўмяшання Аляксандра Лукашэнкі, прыцэл Нацыянальнага стадыёна пераправілі на сціплы сталічны “Трактар”.
Так сёння выглядае "Трактар"
Але і гэты план, калі верыць ранейшаму досведу, можа не раз змяніцца. Прынамсі, адказныя чыноўнікі не спяшаюцца даваць хоць якую-небудзь канкрэтную інфармацыю. Самі не ведаюць, як ляжа карта.
“Не буду каментаваць тое, што казаў мэр, таму што канчатковай яснасці ў мяне няма”, — кажа Генадзь Любатынскі, намеснік дырэктара Упраўлення капітальнага будаўніцтва адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. “Трактар” знаходзіцца на іх тэрыторыі і ім сёння на паперы належыць.
“Дакладнай інфармацыі пакуль няма. Канцэпцыя пакуль не падпісана. Візы ўсе не стаяць”, — адмахнуўся на мінулым тыдні ад пытанняў пра “Дынама” і “Трактар” Валянцін Баравок, першы намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама.
Новы дырэктар стадыёна “Дынама” Алег Курчэўскі нібыта і гатовы даць Еўрарадыё інфармацыю наконт арэны, але таксама дагэтуль не мае канчатковай яснасці.
Рэканструкцыя стадыёна “Трактар” можа абярнуцца фінансавай катастрофай для ўласнікаў дыджэй-бара Shelter, які адкрылі на тэрыторыі арэны, уклаўшы значныя сродкі. Былога ўласніка стадыёна, літоўскага бізнесмена Уладзіміра Раманава, аб’явілі банкрутам.
“Арэнда ў нас была заключана на 5 гадоў, але дадатковым пагадненнем нам яе працягваюць толькі да студзеня, — кажа дырэктар бара Аляксей Арсеньеў. — Ва ўладанне ўвайшла новая дзяржаўная фірма — Упраўленне капітальнага будаўніцтва Заводскага раёна. А мэр вырашыць, пойдзе стадыён пад знос ці не. Ад гэтага рашэння мы і залежым. Ніякай іншай інфармацыі нам пакуль не паведамілі”.