Цяжарная мінчанка ледзь не страціла дзіця пасля ператрусу ў яе кватэры

Цяжарная мінчанка ледзь не страціла дзіця пасля ператрусу ў яе кватэры

Яшчэ 24 сакавіка пракуратура Мінска афіцыйна паведаміла журналістам пра затрыманне дваіх мінчан за “злоснае хуліганства”. Іх падазраюць у атацы на мінскі тралейбус 29 чэрвеня 2014 года. Як паведамляла МУС, фанаты, якія падтрымлівалі сталічны “Партызан”, напалі ў транспартным сродку на прадстаўнікоў іншай групоўкі.

Мінсктрансу была нанесена шкода на суму, блізкую да 300 тысяч рублёў. У салоне тралейбуса распылілі газ. Сур’ёзных траўм ніхто не атрымаў, але пасажыры, сярод якіх былі  ў тым ліку звычайныя грамадзяне, напалохаліся.

Імя аднаго з падазраваных ужо вядомае СМІ. Гэта 27-гадовы Ілля Валавік. Як стала вядома Еўрарадыё, яго жонку Алену, якая знаходзіцца на 7-м месяцы цяжарнасці, падчас нечаканага ранішняга ператрусу забрала “хуткая”. Дзяўчына дагэтуль ляжыць у мінскай радзільні №2. 

“Мяне давялі. У выніку трапіла ў бальніцу з пагрозай выкідышу”, — узгадвае Алена.

Наколькі ёй вядома, другому фігуранту справы, які знаходзіцца ў СІЗА, 20 гадоў. Абодва яго бацькі маюць цяжкія праблемы са здароўем, але гэта не паўплывала на тое, каб чалавеку змянілі меру стрымання.

Алена Валавік запэўнівае, што муж ужо даўно не займаецца фанацкай дзейнасцю. Ды і ФК “Партызан” з верасня 2014 года не існуе. А да атакі на тралейбус, перакананая Алена,  Ілля дачынення не мае.

“Ён нават пальцам да гэтага тралейбуса не дакранаўся. Але з невядомых прычын міліцыя ставіцца да Іллі перадузята. Яго затрымлівалі і саджалі на суткі, заміналі нармальна працаўладкавацца. А ўлетку 2015 года з падачы міліцыі на яго неабгрунтавана распачалі крымінальную справу, якая ў выніку развалілася, — апавядае Алена. — Людзі, якіх раней выклікалі на допыты, расказвалі, што праваахоўнікі настойліва схілялі іх даваць сведчанні менавіта на Валавіка. Чаму ім так патрэбны мой муж — мы паняцця не маем”. 

Цяжарная мінчанка ледзь не страціла дзіця пасля ператрусу ў яе кватэры
Фота са старонкі Алены Валавік у сацыяльных сетках

З часу ператрусу і арышту блізкія Іллі выдаткавалі на адваката ўжо каля 20 мільёнаў і збіраюцца звяртацца ў банк па крэдыт, бо грошай на юрыдычныя паслугі папросту няма. 

Паказанні на Валавіка даў наркаспажывец?

Цяжарная мінчанка ледзь не страціла дзіця пасля ператрусу ў яе кватэры

Атакуючы тралейбус №3 каля прыпынку “Зімняя”, хуліганы заблакавалі яго легкавікамі і знялі з электраправадоў рычагі токапрымальніку. Потым разбілі шкло і распылілі ў салоне транспартнага сродку газ. Учынак хуліганаў, безумоўна, заслугоўвае крымінальнага пакарання. Але галоўнае, каб асудзілі сапраўды вінаватых і паводле літары закону.  

Як бачна, пытанні да Валавіка ўзніклі амаль праз два гады пасля здарэння. Ёсць звесткі, што сведчанні на яго даў грамадзянін, якога затрымалі за захоўванне наркотыкаў, таксама былы футбольны хуліган. (Гэту інфармацыю Еўрарадыё атрымала ад абазнаных крыніц).

Сітуацыя выглядае неадназначна. Можна здагадвацца, што затрыманы за наркотыкі чалавек знаходзіцца ў безвыходнай сітуацыі і спрабуе скараціць свой патэнцыйны тэрмін зняволення.

Адвакат Валавіка адмовілася пракаментаваць названую інфармацыю, спаслаўшыся на падпіску аб неразгалошванні.

У Следчым камітэце Беларусі абяцаюць правесці поўнае, аб’ектыўнае і справядлівае расследаванне. Там скрупулёзна вывучаюць усю інфармацыю і падрабязнасці крымінальнай справы пакуль не раскрываюць.

За “злоснае хуліганства” зняволеным пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі