ДАІ бярэ пад ўзмоцнены кантроль маршруткі
Маршрутнае таксі
Дзяржаўтаінспекцыя бярэ пад узмоцнены кантроль маршруткі — з 16 па 26 лютага арганізуе "комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне бяспекі перавозак". Падставай для чарговай праверкі сталі ДТЗ з удзелам маршрутных таксі — з пачатку года здарылася ўжо 6 такіх здарэнняў. У адным з іх загінуў чалавек. Яшчэ 15 чалавек у выніку гэтых ДТЗ былі траўміраваны.
У ДАІ гавораць, што маюць намер праверыць, ці выконваюць вадзіцелі Правілы дарожнага руху і перавозкі пасажыраў. Калі ўзнікнуць пытанні да тэхнічнага стану мікрааўтобуса, або вадзіцеляў зловяць на грубых правапарушэннях, "дадатковая прафілактычная работа" будзе праведзена і адносна арганізацыі-перавозчыка.
Нагадаем, у сярэдзіне студзеня ў Оршы ў аварыі з удзелам маршруткі пацярпелі 6 чалавек, у тым ліку некалькі падлеткаў. 8 чалавек пацярпелі ў падобным ДТЗ у Бярэзінскім раёне. Гэтая аварыя адбылася на аўтатрасе Мінск-Магілёў у пачатку лютага. У СК тады казалі, што на пярэдняй восі мікрааўтобуса была зношаная гума, а кіроўца падчас руху зазіраў у смартфон. Праз некалькі дзён яшчэ адна маршрутка патрапіла ў аварыю ў Віцебскім раёне. Тут было сямёра пацярпелых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.