Для дыджэяў, арыштаваных за "Перамен!", за суткі сабралі $28,5 тысячы
Для дыджэяў, арыштаваных на 10 сутак за песню "Перамен!" на гарадскім свяце, за суткі сабралі $28,5 тысячы. Збор сродкаў праходзіць у "Фэйсбуку" і ўзгоднены са сваякамі Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага.
Арганізатары фандрайза абяцаюць звязацца з хлопцамі адразу пасля іх вызвалення з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. А таксама — даць поўную справаздачу па тым, хто і колькі грошай атрымаў.
Збор сродкаў працягваецца.
6 жніўня кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская сабрала сваіх прыхільнікаў у Кіеўскім скверы ў Мінску. Улады занялі сквер іншым мерапрыемствам — Днём адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі "Калейдаскоп творчасці". Менавіта на ім працавалі Галанаў і Сакалоўскі.
У Кіеўскім скверы сабраліся тысячы прыхільнікаў Ціханоўскай. Дыджэі ў пэўны момант уключылі песню "Перамен!" Віктара Цоя. Яна працягвала гучаць прыкладна хвіліну, пакуль прадстаўнікі ўладаў выдзёргівалі драты з калонак.
Пасля мерапрыемства хлопцы былі затрыманыя, а 7 жніўня — пакараныя дзесяццю суткамі адміністрацыйнага арышту кожны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.