Дзіянаў: Патрабаванне лепшага жыцця няправільна называць папулізмам
Вячаслаў Дзіянаў адказаў на непрыемныя пытанні Еўрарадыё.
Адміністратар суполкі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” Вячаслаў Дзіянаў пракаментаваў распаўсюджаныя напярэдадні чарговай "маўклівай" серады патрабаванні да ўлады.
Еўрарадыё: Раней эканамічных патрабаванняў у РПСС не было, а цяпер яны з’явіліся. Гэта выпадкова, ці ўсе ж не?
110921 Dzianau_site.mp3
Дзіянаў: Гэта звязана з тым, што на дадзеным этапе эканамічная сітуацыя ў Беларусі пагоршылася, яна нашмат горшая, чым была нават летам. Нават маладыя людзі заўважаюць гэта, і ўвесь час нагадваюць ва ўсіх паведамленнях, ва ўсіх сваіх размовах і г. д. Рабіць выгляд, што мы гэтага не заўважаем, мы не маглі, і таму эканамічныя патрабаванні і астатнія патрабаванні з’явіліся ў нашай групе.
Еўрарадыё: Сярод іншых патрабаванняў вы пішаце пра тое, што, здавалася б, ужо існуе. Зноў жа, вяртаючыся да гэтых эканамічна-фінансавых праблем, напрыклад, “фармаваць адзіны курс рубля ў адпаведнасці з яго рынкавым коштам”, але ж, здаецца, зараз гэтая “эпоха” дадатковай валютнай сесіі, ці не так?
Дзіянаў: Мы паглядзім, што будзе далей, бо на дадзеным этапе казаць нешта складана. Наша меркаванне, што зараз яны гэта могуць зрабіць для віду, а як будзе далей, калі будуць нашмат большыя сумы на той самай сесіі разглядацца, то гэта ўжо іншае пытанне.
Еўрарадыё: У вашых патрабаваннях таксама ёсць пункт “індэксаваць заработную плату, пенсіі і дапамогі ў адпаведнасці з сярэднімі па стане на травень 2010 года". Вы не лічыце, што гэта з’яўляецца прычынай таго, што і пагубіла беларускую эканоміку, ці вы не бачыце ў гэтым нейкія супярэчнасці?
Дзіянаў: Эканоміку пагубіла не гэта. Яе пагубілі дзеянні аднаго чалавека і яго нахлебнікаў. А ўсё астатняе — гэта тое, што народ мае права патрабаваць. Народ мае права патрабаваць добрага жыцця. Калі яны не могуць забяспечыць гэтыя ўмовы, то яны павінны сысці.
Еўрарадыё: Але вы не маеце нейкай прапановы, напрыклад, дзе ж дзяржава павінна ўзяць грошы на індэксацыю заробкаў, пенсій, на той жа самы льготны, бясплатны праезд для навучэнцаў і студэнтаў?
Дзіянаў: Калі яны кажуць аб тым, што ўсё добра, што яны добрыя спецыялісты, што яны добрыя эканамісты, кіраўнікі, няхай яны дамагаюцца тых паказальнікаў, якія прынамсі былі раней.
Еўрарадыё: Вам не здаецца, што гэтыя патрабаванні гучаць папулістычна?
Дзіянаў: Калі ў краіне такі страшэнны эканамічны крызіс, як зараз, а ён у асноўным звязаны з тым, што кошты будуць павышацца і далей. Казаць пра тое, што людзі патрабуюць таго, каб жыццё стала добрым і называць гэта папулізмам, на маю думку, гэта няправільна. Папулізм — гэта калі б такога пытання на павестцы дня не было, а мы б уздымалі гэтае пытанне, бо ведалі б, што нейкую частку насельніцтва гэта хвалюе. Але, калі мы кажам, што рэальная праблема існуе, і мы скаціліся да такіх цэнаў, да такіх заробкаў, якіх ніколі не было, зразумела, што насельніцтва хоча іх вярнуць, мы разам з насельніцтвам.
Еўрарадыё: У вас таксама ёсць патрабаванне, “праводзіць рэальныя дзеянні па выратаванні беларускай мовы”. Якія менавіта дзеянні маюцца на ўвазе?
Дзіянаў: Думаю, што больш канкрэтна над гэтым пытаннем трэба сядаць і распрацоўваць, бо праблема гэтая існуе. Як лепш гэта зрабіць, думаю, трэба звярнуцца да нашых мовазнаўцаў, экспертаў, філолагаў. Я думаю, што яны могуць даць лепшы рэцэпт, якім чынам можа прыйсці да таго, каб наша беларуская мова не знікла. Бо сітуацыя крытычная. Збоку можна падумаць, што гэта мэтанакіраваная палітыка знішчэння мовы.
Еўрарадыё: Але ў чым сэнс пісання такіх патрабаванняў, якія вельмі агульныя, і вось вы кажаце, што па кожным з іх трэба звяртацца да спецыялістаў?
Дзіянаў: Гэта такія, магчыма, агульныя патрабаванні, каб убачыць, ці гатовая ўлада прыслухацца да народа. Мы сочым за словамі, што кажа Лукашэнка і іншыя. Мы глядзім за дзеяннямі. І дзеянні па любым з гэтых пунктаў будуць заўважаныя.
Еўрарадыё: Хто аўтар гэтых патрабаванняў, толькі карыстальнікі суполкі РПСС ці нейкія палітычныя і грамадскія дзеячы вам праз Скайп дапамагалі?
Дзіянаў: Мы запрасілі да распрацоўкі самых актыўных карыстальнікаў у інтэрнэце. Вядома ж, людзі з эканамічнай адукацыяй праглядзелі гэтыя патрабаванні, сказалі свае заўвагі. Гэтыя патрабаванні сфармуляваныя на базе карыстальнікаў, вядома ж, пад кантролем людзей больш дасведчаных.