Эколаг 12 гадзін вызваляла птушку з пасткі ў мінскім метро. Чаму так доўга?

Эколаг 12 гадзін вызваляла птушку з пасткі ў мінскім метро. Чаму так доўга?

21 красавіка каля 13:00 Зоя Кенько, валанцёрка грамадскага аб'яднання "Эгіда", выходзіць з метро “Кастрычніцкая” ў бок універсама “Цэнтральны”. Дзяўчыну спыняе хлопанне крылаў. Зоя азіраецца, але птушак побач не бачна. Гук не знікае, і дзяўчына пачынае шукаць яго крыніцу.

 


“Навошта табе гэты голуб? Няхай ён там памірае”

 


"Я зразумела, што гук ідзе з ліфтавай нішы. Апынулася, што ліфт не прылягае шчыльна да сцяны, там ёсць свабодная прастора, — распавядае Еўрарадыё Зоя. — Я правяла ля ліфта пэўны час, каб упэўніцца, што не памыляюся. Сапраўды, менавіта адтуль даносілася хлопанне крылаў голуба, які не мог выбрацца на волю".


Сітуацыя разгортваецца ў лепшых традыцыях беларускай рэчаіснасці. Валанцёрка спускаецца ў метро і распавядае жанчыне ў будцы, што птушка патрапіла ў бяду. Жанчына спачувае і тэлефануе дзяжурнай па станцыі. Тая кажа, каб Зоя сыходзіла, бо нейкай там птушкай ніхто займацца не будзе.


Пасля працяглых угавораў дзяжурная па станцыі адпраўляе да ліфта "брыгаду"… з дзвюх прыбіральшчыц. 


"Яны ў нецэнзурных выразах пытаюцца, навошта мне патрэбны гэты голуб. Маўляў, няхай ён там памірае, яны даставаць яго не будуць", — працягвае Зоя.

Сямён Левы, ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”:

Кожны горад багаты на безліч пастак для птушак. Напрыклад, белыя пліскі залятаюць у шкляныя парнікі, адкрытыя для праветрывання. У вентыляцыйныя сістэмы і шахты шматпавярховікаў часта трапляюць шызыя галубы і галкі. Вылецець з вузкай шахты птушцы цяжка, бо яна не можа там махаць крыламі. З такіх шахтаў іх вельмі складана дастаць. 

Небяспекай для гарадскіх птушак з’яўляюцца і новыя шкляныя будынкі. У адлюстраваннях яны бачаць дрэвы, кусты. А ў выпадку небяспекі імкнуцца хутка схавацца ад пагрозы, і ляцяць проста на празрыстыя фасады. Адбываецца сутыкненне, птушка гіне ці атрымлівае траўмы.

Па словах Сямёна, пакуль на ўсю Беларусь ёсць адзін(!) прыватны цэнтр у Дзяржынскім раёне, які дапамагае параненым птушкам і жывёлам. У Мінску ўсяго тры “звярыныя” лекары могуць дапамагчы дзікім птушкам. І ратавальнікі з МНС — яны вызваляюць птушак і жывёл з пастак, калі маюць вольны ад выклікаў час.
Эколаг 12 гадзін вызваляла птушку з пасткі ў мінскім метро. Чаму так доўга?
Той самы ліфт на станцыі метро Кастрычніцкая, за сцяной якога змагаўся за жыццё голуб

“Ён успрымаў мяне, як чалавека, якому хочацца паскандаліць”

 


Упартая ахоўніца птушак не адступаецца і выклікае ліфцёраў.


"Прыйшлі два маладыя хлопцы. Адзін з якіх прасякся праблемай, за што я яму вельмі ўдзячная. Ён схадзіў да пуцейшчыкаў, знайшоў драбіны, залез і сказаў, што так, там ёсць жывая птушка і некалькі трупаў. То бок, птушкі туды траплялі, паміралі, іх ніхто не чуў. Ніхто і не падумаў зрабіць абарончай канструкцыі, каб яны туды не заляталі".


Высвятляецца, што ліфцёры не маюць права даставаць птушку з ліфта. Мэтанакіраваная Зоя выходзіць на начальніка па тэхабслугоўванні мінскага метрапалітэна Аляксандра Карніцкага. Што праўда, хутка і па-сяброўску вырашыць праблему не асабліва атрымліваецца.


"Ён сказаў, што я проста хачу стварыць прэцэдэнт. Яго не непакоіла, што там знаходзіцца жывы голуб, і што дагэтуль там гінулі птушкі. Ён успрымаў мяне, як чалавека, якому хочацца паскандаліць, — працягвае валанцёрка. — Ён лічыў, што словы ліфцёра пра трупы і жывую птушку — не доказы. Але прыстрашыў, што калі я пачну здымаць ці нешта запісваць, звярнуся да журналістаў, на мяне выклічуць міліцыю, бо метро — стратэгічны аб'ект і гэтага рабіць нельга".

 


“Спыняць ліфт нельга, бо набягуць злыя людзі з тэлефонамі”

 


У выніку перамовы, якія цягнуцца не адну гадзіну і часам вядуцца на павышаных тонах, даюць плён. Паміж Карніцкім і Зояй прынятая дамова, што птушку прыедуць вызваляць, як толькі закрыецца метро. У 00:40! На хвілінку, гісторыя пачынаецца ў раёне абеду.


"Каб ускрыць ліфт, не трэба спыняць метро. Дастаткова проста спыніць сам ліфт на гадзіну. Але Карніцкі кажа, што гэтага рабіць нельга, і што набягуць злыя людзі з тэлефонамі, пачнуць гэта ўсё здымаць, што таксама забаронена. Ён сам прыязджаў са мной размаўляць, бо я пакінула запіс у кнізе скаргаў з тэкстам: "Прашу вызваліць жывую птушку і ліквідаваць праём, праз які птушкі туды трапляюць", — распавядае Зоя.

 

Эколаг 12 гадзін вызваляла птушку з пасткі ў мінскім метро. Чаму так доўга?
на карце ліфт пазначаны шэрым кружочкам

У 00.40 пачынаюцца працы па выратаванні птушкі. Канструкцыю разбіраюць, голуба дастаюць і выпускаюць на волю. Ён злятае. Агледзець птушку дзяўчыне не далі, як і паглядзець на трупы памерлых. 


"Тэрыторыю, дзе праводзілася "выратаванне", агарадзілі. Сказалі, што мне за яе заходзіць нельга, фатаграфаваць нельга. Карніцкі, які сам удзельнічаў у аперацыі па вызваленні, сказаў, што там няма трупаў. І папракнуў, што я вырашаю праблемы птушак чужымі рукамі. Але сваімі рукамі мне гэта рабіць не дазволілі. Але я яму ўсё адно ўдзячная",  — рэзюмуе Зоя Кенько.

 


“Калі б мне было ўсё адно, я б увогуле туды не паехаў”

 


У прэс-службе Мінскага метрапалітэна Еўрарадыё пацвердзілі: інцыдэнт з птушкай на станцыі “Кастрычніцкая” сапраўды быў. Нас звязалі з Аляксандрам Карніцкім. Спецыяліст кажа, што кіраваўся ўнутранымі інструкцыямі, якія забараняюць падчас працы метро выконваць рамонтныя ці будаўнічыя работы:


“Я знайшоў у інтэрнэце вет-аптэку, дзе працуе арнітолаг. Зоя паразмаўляла з майго мабільнага з арнітолагам — яе запэўнілі, што голуб можа без вады і ежы пражыць больш за двое сутак. Было прынятае рашэнне вызваліць птушку ў 00.40, каб не ствараць перашкоды пасажырапатоку.


Трупаў у нішы не было — гэта няпраўда. Калі Зоя мае здымак, няхай пакажа і пацвердзіць свае словы. Калі б мне было ўсё адно, я б увогуле туды не паехаў у свой выхадны дзень. Таму гэта яе суб’ектыўнае меркаванне. 


У метрапалітэна іншы падыход да працы. Мы прынялі меры: устанавілі экран на дзірцы, якая, згодна з праектам, аддзяляла гэты аб’ект безбар’ернага асяроддзя, ад сцяны. Ліфт такой канструкцыі адзін на ўвесь Мінск”.

 

Еўрарадыё агледзела ліфт — сапраўды, пастка, у якую траплялі птушкі, закрытая алюмініевым лістом.

 

Эколаг 12 гадзін вызваляла птушку з пасткі ў мінскім метро. Чаму так доўга?
Калі прыглядзецца, зверху ля самай сцяны можна ўбачыць ліст, пакладзены цяпер на канструкцыю. Раней там проста была дзірка, у якую і заляцеў голуб
Эколаг 12 гадзін вызваляла птушку з пасткі ў мінскім метро. Чаму так доўга?
А гэта ліфт і сцяна. Як бачым, сапраўды паміж імі існуе прастора

Гісторыя скончылася добра. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі