Экс-памочнік пракурора: датычных да гібелі Бандарэнкі даўно можна было знайсці
Раней Яўген Бабак займаў пасаду памочніка пракурора / TUT.by
18 лютага Генпракуратура заявіла пра завядзенне крымінальнай справы па факце смерці загінулага на "Плошчы Перамен" Рамана Бандарэнкі. Каб пачаць разбор, прадстаўнікам нагляднага органа спатрэбілася больш за тры месяцы.
Што прымусіла праваахоўнікаў усё ж пачаць расследаванне і ці не спусцяць справу на тармазах — гэтыя і іншыя пытанні Еўрарадыё задало экс-памочніку пракурора Першамайскага раёна Мінска Яўгену Бабаку.
— Я сам здзівіўся, калі ўбачыў гэту навіну. Я падумаў, што гэта неяк непаслядоўна і неяк позна, — каментуе навіну Яўген. — Магчыма, хтосьці з міжнароднай грамадскасці пачаў на іх [прадстаўнікоў уладаў. — Еўрарадыё] ціснуць. Але верыць у нейкае вяртанне законнасці або наданне бачнасці законнасці ў краіне пасля ўсіх неадэкватных прысудаў? Магчыма, спрабуюць неяк "затушыць" нешта. Бо хутка вясна.
Шакуту сальюць
У паведамленні пракуратуры ёсць важны момант: падкрэсліваецца, што "датычнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не ўстаноўлена". Пра што гаворыць гэта фраза?
— Усе выдатна разумеюць, што сілавікі маюць там дачыненне, пытанне — якога роду? — працягвае Бабак. — Думка ў мяне такая, што, хутчэй за ўсё, сальюць Шакуту. Не ведаю, ці маю я на гэту думку нейкія аб'ектыўныя меркаванні і права гаварыць пра гэта. Але гэта першая думка, якая ўзнікае пасля таго, калі акцэнтуюць увагу на тым, што сілавікі не маюць дачынення. Ну не Баскава ж сальюць, а сальюць Шакуту.
Падставай падазраваць кікбаксёра Дзмітрыя Шакуту ў датычнасці да збіцця Рамана Бандарэнкі паслужылі кадры з "Плошчы Перамен". На іх побач з чалавекам, падобным да Шакуты, быў заўважаны яшчэ адзін чалавек у масцы. Ён падобны да старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава.
Знайсці лёгка. Пытанне — ці захочуць?
— Адукаваны чалавек, які працаваў у міліцыі ці следстве, выдатна разумее, што вельмі лёгка знайсці чалавека, нават калі ён быў у масцы, — перакананы былы пракурорскі работнік. — Гэта ўсё адзначаецца, ёсць рапарт. Супрацоўнік міліцыі ж не адзін самавольна кудысьці пайшоў, ён быў са сваімі калегамі. Былі спецыяльныя машыны, былі спецыяльна адкамандзіраваныя ў пэўнае месца. Гэта вельмі лёгка знаходзіцца. Чалавек можа сабе нават "пальцы" зрэзаць, каб не пакідаць адбіткаў пальцаў. У нашым свеце вельмі лёгка знайсці чалавека. Калі захацець — можна знайсці ўсіх. Пытанне — ці захочуць знайсці. Наіўна думаць, што ў гэтай сістэме нешта будзе расследавана.
Крымінальную справу павінны былі завесці адразу ж!
Чаму разбор не пачаўся па гарачых слядах?
— Пытанне пра завядзенне крымінальнай справы павінна было стаяць адразу ж, як толькі Бандарэнку даставілі ў бальніцу, калі ён яшчэ быў жывы. Як ён туды трапіў, з якімі цялеснымі пашкоджаннямі, як ён знік? Гэта адразу ж завядзенне крымінальнай справы, — тлумачыць Яўген Бабак. — Каб вы разумелі, такія крымінальныя справы, дзе хтосьці дзесьці кагосьці забіў, адны з самых лёгкіх у расследаванні, таму што сляды застаюцца ўсюды: гэта цялесныя пашкоджанні, гэта кроў, адбіткі пальцаў. Проста палічы "два плюс два" — і знойдзеш таго, хто як мінімум быў да гэтага датычны. Потым выклікаеш іх на допыт, і яны, калі гэта не спецыяльна навучаныя людзі, пачынаюць калоцца і здаваць адно аднаго. Гэтаму вучаць на трэцім курсе любога ўніверсітэта, а тым больш у Акадэміі МУС. Але гэта трэба захацець.
Маці не растлумачыш
Па якім артыкуле будуць прыцягваць вінаватых?
— Кажучы юрыдычнай мовай, гэта не чыстае забойства, а нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека. Я думаю, Бандарэнку збівалі, але забіваць не хацелі. Я сумняваюся, што чалавека канкрэтна ехалі забіваць. Але маці не скажаш, што, кажучы юрыдычнай мовай, вашага сына не забілі, а ён загінуў.
19 лютага ў Мінску пачнецца суд па крымінальнай справе журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч і лекара БХМД Арцёма Сарокіна. Іх абвінавачваюць у разгалашэнні медыцынскай таямніцы: Сарокін перадаў дакумент, які паказвае, што Раман Бандарэнка пры траплянні ў бальніцу быў цвярозы, а не п'яны, як сцвярджаюць улады. Кацярына пра гэта напісала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.