1 жніўня Раману Бандарэнку споўнілася б 34 гады

Раман Бандарэнка / З архіва Еўрарадыё

Раман Бандарэнка / З архіва Еўрарадыё

1 жніўня ўдзельніку пратэстаў 2020-га ў Беларусі Раману Бандарэнку споўнілася б 34 гады. 11 лістапада 2020 года яго жорстка збіла група асоб, якая прыехала зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары дома ў Мінску (на "Плошчы Перамен"), у якім ён жыў. Яны завезлі Бандарэнку ў міліцыю (у Цэнтральнае РУУС), адкуль яго прывезлі ў бальніцу, ён быў у стане комы. Урачы не змаглі яго выратаваць. Крымінальная справа па факце смерці Рамана Бандарэнкі была распачатая толькі ў лютым 2021 года — пасля таго, як у медыя з'явіліся імёны людзей, як мяркуецца, датычных да забойства. Але ўжо ў верасні расследаванне справы прыпынілі: следчыя "не змаглі" вызначыць падазраваных.

Дагэтуль за смерць Бандарэнкі ніхто не пакараны. Пры гэтым журналістку Кацярыну Барысевіч асудзілі на шэсць месяцаў пазбаўлення волі і штраф, а лекара Арцёма Сарокіна — на два гады калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год за тое, што яны абнародавалі інфармацыю: забіты Раман Бандарэнка не быў п'яным — 0 праміле алкаголю ў крыві. А гэта супярэчыла афіцыйным заявам.

Нядаўна стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка ў інтэрв'ю "Зеркалу" расказала, як яе маленькая дачка Агата перанесла смерць любімага дзядзькі. Маці Рамана Алена Сяргееўна ёй сказала, што "брат ператварыўся ў анёла". І цяпер яна часам пытаецца: "А дзе ён? Ён сустрэўся з Богам?". "Кажу, што ён стаў анёлам, што ён нас засцерагае, дапамагае нам", — кажа Кучарэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі