Эксперт: З-за пазіцыі кіраўніцтва Беларусі ніякага плёну няма
Кіраўніца брусэльскага Офіса за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская — пра вынікі канферэнцыі Усходняга партнёрства.
Еўрарадыё: Якія заявы гучалі па Беларусі на канферэнцыі, на якой прысутнічалі вы?
Стужынская: У мяне такое адчуванне, што Беларусь і не ўдзельнічае ва Усходнім партнёрстве. Напачатку канферэнцыі прамаўляў Радаслаў Сікорскі, які сказаў, што ЕС прапанаваў шасці ўсходнім краінам большую інтэграцыю Беларусі з Еўропай, калі яна захоча. Зразумела, што на сёння цікавасці з боку Беларусі і няма. Усе іншыя краіны Усходняга партнёрства знаходзяцца на нейкім этапе перамоваў, а Беларусь усё яшчэ не пачала ні якім бокам, па вялікім рахунку, удзельнічаць. Мы прысутнічаем на ўзроўні заяваў пра Беларусь, пра тую сітуацыю, якая сёння ёсць у краіне.
Еўрарадыё: Наконт гэтых заяваў, ці было агучана нешта выключнае, цікавае з вуснаў еўрапейскіх чыноўнікаў?
Стужынская: “Мы ж на канферэнцыі грамадзянскай супольнасці. У мяне ўзнікла адчуванне, што гэты Форум грамадзянскай супольнасці крыху адарваны ад саміту, бо напрыклад прадстаўнік Форуму не будзе ўдзельнічаць у афіцыйных сустрэчах саміта. І сёння чаго не даставала на мой погляд — гэта прадстаўнікоў краінаў ЕС, прадстаўнікоў афіцыйных структураў краінаў Усходняга партнёрства. Атрымоўваецца, што грамадзянская супольнасць тут размаўляе сама з сабой”.
Еўрарадыё: Ці ёсць нейкая карысць з гэтай размовы паміж сабой ці рэальна на такой сустрэчы кантакты прынамсі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці заключыць?
Стужынская: “Канечне. Кантакты рэгіянальнага узроўню ёсць. Таксама на заключную сесію прыйдзе камісар Фюле, таксама спікер грузінскага парламенту, то нейкае ўзаемадзеянне будзе з больш афіцыйным узроўням, але пытанне інтэграцыі паміж Форумам грамадзянскай супольнасці і афіцыйным узроўнем трэба падымаць у будучыні”.
Еўрарадыё: Агулам па настроі ўдзельнікаў, па, можа, тых размовах, якія ў кулуарах вядуцца, а не непасрэдна на самой канферэнцыі, якое месца ва ўсім гэтым займае Беларусь? Ці можна сказаць, што сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне турбуе прадстаўнікоў той жа самай грамадзянскай супольнасці іншых краінаў таго ж Усходняга партнёрства і ЕС прадстаўленых на гэтай канферэнцыі?
Стужынская: “Канечне. Калі кажуць пра Беларусь, то якраз у такім кантэксце — сітуацыя з правамі чалавека, вызваленне палітвязняў, іх рэабілітацыя, як першапачатковыя ўмовы для пачатку дыялогу паміж Беларуссю і ЕС на высокім палітычным узроўні.
Будзе прынята Дэкларацыя гэтай канферэнцыі, у якой узгадана якраз сітуацыя з правамі чалавека, палітвязні, арышт Алеся Бяляцкага. Вельмі многа спачування, але мы сапраўды ў хвасце гэтых усіх працэсаў”.
Еўрарадыё: Ці адчуваецца нейкая рэальная праца прынамсі паміж прадстаўнікамі нашай грамадзянскай супольнасці?
Стужынская: Канечне. Беларуская дэлегацыя як была актыўнай спачатку грамадзянскай супольнасці, так і застаецца. Я магу ўзгадаць як прыклад ліст нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці беларускай, які быў апублікаваны ўчора, пра тое, што мы прызываем урады краінаў Усходняга партнёрства падпісацца пад параграфам, які прапанаваў ЕС і каб у тэксце афіцыйным Дэкларацыі саміта “беларускае пытанне” было ўзгадана.
Еўрарадыё: Ці ёсць з таго фармату, які Беларусь цяпер мае ва Усходнім партнёрстве, нейкая карысць? Ці атрымалася, што нас проста заблакавалі на афіцыйным узроўні з вядомых прычынаў?
Стужынская: “Ён карысны для грамадзянскай супольнасці, у першую чаргу. Калі казаць увогуле пра карысць для краіны, пра карысць для далейшага развіцця і еўрапейскай інтэграцыі нас як Беларусі, то ў прынцыпе пакуль што з-за пазіцыі нашага кіраўніцтва ніякага плёну няма”.
Еўрарадыё: Якія настроі ў дачыненні да развіцця падзеяў у Беларусі пануюць сярод вашых партнёраў па Усходнім партнёрстве?
Стужынская: “Цяжка казаць. З Беларуссю было так шмат праблемаў цягам такога доўгага часу, што з’яўляецца проста стомленасць ад “беларускага пытання”. Таму я спадзяюся, што пытанне з палітвязнямі будзе вырашана як мага хутчэй і нашае кіраўніцтва зойме больш цывілізаваную пазіцыю і перамовы паміж нашай краінай і ЕС пачнуцца”.