Ермакова: Пошліну на выезд можна ўводзіць для тых, хто не плаціць падаткі
Старшыня Нацбанка выказалася наконт магчымага ўвядзення пошліны для тых, хто ездзіць за мяжу і распавяла, як часта сама выязджае з Беларусі.
Пошліну на выезд за мяжу можна ўводзіць для тых, хто мае даход ад такіх паездак, але не плаціць падаткі. Такое меркаванне выказала старшыня Нацбанка Надзея Ермакова, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё падчас тэлефоннай лініі ў агенцтве БЕЛТА.
“Трэба вылічыць, каму гэтыя 100 долараў плаціць – для тых, хто мае на гэтым дадатковы даход, не плаціць падаткі. Для іх можна і ўвесці”, — мяркуе Надзея Ермакова.
На пытанне Еўрарадыё, ці часта старшыня Нацбанка бывае за мяжой, Надзея Ермакова адказвае, што ездзіць толькі ў камандзіроўкі і такія паездкі не вельмі любіць.
Пошліну для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, могуць увесці ўжо ў кастрычніку. Пра гэта ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё 11 верасня распавёў віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч. Паводле яго слоў, цяпер пытанне прапрацоўваецца.
Пётр Пракаповіч: “Вывучаем сітуацыю: і колькасць людзей, і з якой мэтай, кожны дзень ездзяць ці праз дзень. Бо сапраўды, сітуацыя не простая. У мінулым годзе мы ў Літву-Польшчу вывезлі 3 мільярды долараў. Але гэта не гаворыць пра тое, што мы нічога там не прадаём. Нашы людзі там прадаюць цыгарэты, паліва – зарабляюць на гэтым рынку”.
Пракаповіч адзначыў, што хутчэй за ўсё гэта пошліна будзе датычыцца тых, хто вязе тавары на перапродаж, а не для сябе.
Пётр Пракаповіч: “Цэлыя аўтобусы камерцыйныя структуры наймаюць і пад выглядам таго, што для сябе вязуць тавары, якія потым перапрадаюцца нам жа. Вось гэтую нішу трэба ўскрыць. Гэтыя фірмы не плацяць мытныя пошліны, падаткаў — фактычна залазяць ў нашу з вамі кішэню. Гэта пытанне самае галоўнае перакрыць гэтыя лазейкі”.
Нагадаем, ініцыятарам такой пошліны выступіў кіраўнік краіны.
"Нашы людзі сёння, якія нас усё крытыкуюць – бедная, жабрацкая краіна, а да 3 мільярдаў долараў вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і ўвозяць барахло, якое мы таксама выпускаем. Дык вось, я даўно даручыў: аж да таго, што з'язджаеш за межы краіны па гэтае барахло, заплаці пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем, плаці 100 долараў з носа і едзь за мяжу", — заявіў на пачатку верасня Аляксандр Лукашэнка.