Еўрасаюз прыняў 16-ы пакет санкцый супраць Расіі

Санкцыі пашыраюцца / pixabay.com
Еўрасаюз прыняў 16-ы пакет санкцый супраць Расіі. Ён прымеркаваны да трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. Папярэдні 15-ы пакет санкцый быў прыняты ў сярэдзіне снежня 2024-га.
Санкцыі ўведзеныя супраць 48 фізычных і 35 юрыдычных асобаў, "адказных за дзеянні, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны". Пад абмежаванні трапілі больш за 70 танкераў ценявога флоту Расіі, якія перавозяць расійскую нафту ў абыход заходніх санкцый (у "чорным спісе" іх ужо 153). 13 расійскіх банкаў адключаныя ад сістэмы SWIFT. У Еўропе забаранілі вяшчанне васьмі прапагандысцкіх рэсурсаў, якія "знаходзяцца пад пастаянным кантролем расійскага кіраўніцтва". Лічыцца, што яны "адыгралі важную ролю ў прасоўванні і падтрымцы агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, а таксама ў дэстабілізацыі суседніх з ёй краін ЕС".
У паведамленні Еўрапейскага Савета адзначаецца, што 16 пакет санкцый "закранае жыццёва важныя сектары расійскай эканомікі, што яшчэ больш аслабляе здольнасць рэжыму весці незаконную, несправакаваную і неапраўданую агрэсіўную вайну супраць Украіны". Ён уключае "дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.