Фанаты “Атлетыка”: “Пераможам 10:0!” Фанаты БАТЭ: “Галоўнае не зганьбіцца”
Напярэдадні матчу ў Більбао Еўрарадыё пацікавілася, што думаюць наконт матчу біскайскія і беларускія заўзятары, а таксама спартовая прэса.
Так, газета DEIA піша, што БАТЭ, можа, і непрадказальная каманда, але “Атлетык” гэтым разам настроены на перамогу. Да таго ж, такая вялікая колькасць прапушчаных мячоў барысаўчанамі дае спадзеў, што біскайцы паспяхова праб’юць абарону нашых суайчыннікаў.
El Correo таксама чакае ад сваіх гульцоў бязлітаснай барацьбы, бо вынік гульні вызначыць, хто зойме трэцяе месца ў групе. Выданне выказала меркаванне, што шанцы на перамогу маюць абедзве каманды. Бо “чырвона-белыя” ў гэтым годзе не такія моцныя і дапускаюць надта шмат хібаў. А барысаўскае БАТЭ прапусціла аж 22 голы за 5 матчаў, што з’яўляюцца найгоршым паказальнікам за бягучы розыгрыш.
А вось фанаты на старонцы “Атлетыка” ў Facebook больш адназначныя ў прагнозах у дачыненні да сваёй улюбёнай каманды — толькі перамога. Некаторыя прарочаць нават з разгромным лікам 10:0.
Беларускія спартовыя выданні ў сваіх прагнозах больш адназначныя:
Так, football.by мяркуе, што матывацыя ў абедзвюх камандах вельмі моцная, але шанцаў на перамогу барысаўчанаў значна меней: чужы стадыён, не лепшы склад каманды.
“Многае будзе залежаць ад таго, ці згуляе тут галоўная зорка “паласатых”. Без яго і з ім баская дружына – нібы два бакі аднаго медаля: першы цьмяны, другі іскрыць яскравымі атакуючымі фарбамі. Але нават без свайго лідара “Атлетык” наўрад ці паўстане ва ўбогім барысаўскім варыянце”.
Спортпанарама адзначае, што спаборніцтва будзе складаным.
“Галоўная цяжкасць — не сам сапернік, а неабходнасць гуляць на перамогу, што для БАТЭ складана на ўзроўні Лігі чэмпіёнаў у баталіях з любым апанентам. А “Атлетык” у снежні, маючы паўнавартасную практыку гульняў, вядома ж, будзе знаходзіцца ў больш выгадным становішчы. Таму галоўным у Більбао будзе навязаць бой і не засмуціць усіх нас чарговы раз катастрофай. Бо апошняе пёрка можа пераламіць спіну вярблюду”.
Нагадаем, што ў Іспанію паляцела 19 гульцоў: варатары — Арцём Сарока, Сяргей Чэрнік; абаронцы — Максім Валадзько, Віталь Гайдучык, Неманья Тубіч, Ягор Філіпенка, Анры Хагуш; паўабаронцы — Ілля Алексіевіч, Дзмітры Бага, Аляксандр Валадзько, Аляксандр Карніцкі, Дзмітры Ліхтаровіч, Эдгар Аляхновіч, Яўген Яблонскі, Андрэй Якаўлеў; нападаючыя — Міхаіл Гардзяйчук, Уладзіслаў Клімовіч, Віталь Радзівонаў, Мікалай Сігневіч.
Букмейкерскія кампаніі таксама адзінагалосныя наконт перамогі ў сённяшняй гульні. У адной з такіх устаноў Іспаніі такія каціроўкі:
Атлетык — 1,3
Нічыя — 5,6
БАТЭ — 11,00
І толькі беларускія фанаты на старонцы Вконтакте перакананыя ў перамозе сваіх улюбёнцаў і бязмежна падтрымліваюць іх:
“Все норма победим!!!!!! верим в победу!!!!!! батэ чемпион!!!!!!!!!!!!”
“ну главное там не опозориться,больше 7 мячей не пропустить.атлетик будет рвать и метать”
“Атлетик уже не тот, что приезжал в Борисов. Он в десятке в примере. Так что получит БАТЭ по десятое число) Но поболеть нужно. Авось еще одно чудо нам обломится...”
Гульня адбудзецца сёння, 10 снежня, у 22:45 (па мінскім часе) на стадыёне "Сан Мамес Барыя" ў Більбао.