Femen: Справу перадалі ў пракуратуру — чакаем выклікаў на допыты

Еўрарадыё: Чым скончыліся вашы “гановерскія прыгоды”?



Аляксандра Шаўчэнка: Яны яшчэ не завяршыліся! Справу перадалі ў пракуратуру, і зараз мы чакаем выніку. Але сама я вымушана была вярнуцца ва Украіну — неабходна атрымаць новую шэнгенскую візу.


Еўрарадыё: Праблем з выездам з Нямеччыны не было, праваахоўныя органы не папярэджвалі, што вы павінны заставацца ў межах іх дасягальнасці?



Аляксандра Шаўчэнка: У мяне няма забароны на выезд — права пакідаць межы Нямеччыны не пазбаўлялі. Тым не менш да Украіны я дабіралася кружным шляхам — мяжу пераходзіла ў пешаходным памежным пераходзе. З другога боку, праваахоўныя органы Нямеччыны выдатна разумеюць, што Femen знайсці не цяжка, уцякаць ніхто не збіраецца. Зараз мы ў чаканні нейкіх допытаў. Звычайна нашых дзяўчат-актывістак выклікаюць у паліцэйскія пастарункі, каб яны далі паказанні. Звычайна выклікаюць, каб дзяўчаты патлумачылі, навошта яны гэтыя акцыі рабілі і чаму без дазволу паліцыі. А паколькі ў нашым выпадку нават заведзеная крымінальная справа, то выклікаць па ёй нас будуць на допыты — на 100 адсоткаў! Так што — чакаем выклікаў на допыты ў Нямеччыну!



Еўрарадыё: Дакументы на шэнгенскую візу вы ўжо падалі? У якой краіны будзеце яе прасіць?



Аляксандра Шаўчэнка: Яшчэ не падавалі, але звяртацца будзем у прадстаўніцтва Нямеччыны. Адначасова праверым — ці дадуць!



Еўрарадыё: Што з нагоды вашай крымінальнай справы вам кажуць нямецкія юрысты?



Аляксандра Шаўчэнка: Што гэта справа выключна палітычная. Паводле іх слоў, той артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім заведзена наша крымінальная справа, практычна ніколі не выкарыстоўваўся ў Нямеччыне. Ёсць толькі адзін ці два прэцэдэнты, калі гэта здаралася. Прычын нас затрымліваць, а тым больш — заводзіць крымінальную справу, у праваахоўнікаў не было. Такое магчыма толькі ў тым выпадку, калі ёсць пакрыўджаны бок і скарга, напісаная, у дадзеным выпадку, Пуціным. А таму — справа адназначна палітычная. Мне падаецца, што нямецкая судовая сістэма павінна прадэманстраваць, што яна прытрымліваецца літары закона, і максімум, што нам мусяць прысудзіць, — штраф.



Нагадаю, падчас прамысловага кірмашу ў Гановеры дзяўчаты з украінскай арганізацыі Femen распрануліся перад Уладзімірам Пуціным і Ангелай Меркель. Яны крычалі нецэнзурныя лозунгі, а на іх целах былі надпісы “Иди на х…, Путин”. Па справе "знявага дзяржорганаў і прадстаўнікоў замежных дзяржаваў" праходзяць пяць дзяўчат ва ўзросце ад 18 да 33 гадоў: дзве грамадзянкі Нямеччыны, дзве — Украіны і адна — Расіі. Ім пагражае да 3 гадоў зняволення.

Фота: http://femen.org/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі