Фотафакт: прэзентавалі кнігу "Хто ўзарваў менскае мэтро?"
Яе аўтар — журналіст Радыё Свабода Алег Груздзіловіч.
Прэзентацыя яго кнігі, што выйшла ў серыі "Бібліятэка свабоды", прайшла ў беларускай сталіцы. У ёй узялі ўдзел каля трох дзясяткаў чалавек.
Нагадаем, тэракт у мінскім метро адбыўся 11 красавіка 2011 года. У выніку 15 чалавек загінулі, сотні атрымалі раненні. Асноўным абвінавачваным па справе праходзіў Дзмітрый Канавалаў, які, як прызнаў суд, зрабіў выбуховую прыладу, прынёс у метро і прывёў у дзеянне. Уладзіслаў Кавалёў, па дадзеных суда, ведаў пра падрыхтоўку да тэракту, але не паведаміў у міліцыю. Канавалава і Кавалёва расстралялі ў сакавіку 2012 года.
"Я хацеў бы спыніцца на матыве, — кажа Алег Груздзіловіч (на здымку). — У матэрыялах справы ёсць такое: для дэстабілізацыі абстаноўкі. Гэта фігуруе ў паказаннях абодвух хлапцоў. Некалькі разоў прабіваліся праз „заслону“ і іншыя словы: на просьбу адваката суддзя пачаў зачытваць допыт, калі Канавалаў казаў, навошта ён зрабіў. І раптам суддзя зрабіў маленькую паўзу. А адзін з пацярпелых Саакян проста крычыць на судзе: чаму вы не зачытваеце да канца? Там жа сказана, што яны хацелі звергнуць уладу! Суддзя замяўся, і так да гэтага не вярнуліся... Я зрабіў выснову, што суддзя баіцца гэтага. У яго загад можа ёсць не раскрываць таго, што гэтыя людзі могуць быць не задаволеныя ўладай... Была таксама інфармацыя, што Канавалаў галасаваў за Мілінкевіча. І гэта замялі. Хаця гэта можна было б выкарыстаць супраць апазіцыі! Замялі таксама тое, што ў іх у падвале былі карыкатуры на Лукашэнку. Для мяне відавочны палітычны матыў гэтага тэракту".
Адзначым, што Алег Груздзіловіч атрымаў папярэджанне пракуратуры за гэтую кнігу, нібыта, у ёй "ставіцца пад сумнеў аб’ектыўнасць афіцыйных вынікаў расследавання крымінальнай справы па факце выбуху ў мінскім метрапалітэне, а таксама справядлівасць беларускай судовай сістэмы ў цэлым".
Фота — svaboda.org