ФСБ Расіі затрымала 11 чалавек у сувязі з тэрактам у "Крокус Сіці Холе"

Фото с места задержания

Фото с места задержания / тг-каналы

Раніцай 23 сакавіка дырэктар ФСБ Расіі Аляксандр Бортнікаў адсправаздачыўся Пуціну пра затрыманне 11 чалавек, якія ўдзельнічалі ў тэракце ў падмаскоўным "Крокус Сіці Холе". Сярод іх нібыта — чацвёра тэрарыстаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Крамля.

Там дадаюць, што сілавікі вядуць працу "над выяўленнем дапаможніцкай базы тых, хто ўчыніў тэракт".

Афіцыйна расійскія ўлады яшчэ не звязалі напад на "Крокус Сіці Хол" з Украінай. Аднак многія, у тым ліку і віцэ-прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў, рабілі намёкі ў гэты бок ужо праз пару гадзін пасля тэракту. А па расійскім тэлеканале НТВ паказалі фэйкавае відэа, у якім сакратар Рады Нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў "пацвердзіў дачыненне кіеўскага рэжыму" да тэракту.

Тэракт у “Крокус Сіці Хол” адбыўся ўвечары 22 сакавіка. Узброеныя мужчыны ўварваліся ў канцэртную залу і пачалі страляць. Таксама яны разлілі гаручую вадкасць і падпалілі яе. Відавочцы распавядаюць, што чулі выбухі. 

Пачаўся пажар, ахвярамі якога таксама стала шмат людзей. Сярод цяжка параненых ёсць грамадзянін Беларусі. За яго жыццё змагаюцца расійскія медыкі.

Нападнікі з'ехалі з месца здарэння на белым "Рэно" (па некаторых звестках, аўтамабіляў было два). Іх шукалі некалькі гадзінаў. Раніцай 23 сакавіка з'явілася інфармацыя, што двое падазраваных ва ўчорашнім тэракце затрыманыя непадалёк ад мяжы Расіі з Беларуссю. Гэта нібыта грамадзяне Таджыкістана. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі