Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі іспанцам — 0:1 (відэа)
Адзіны гол на 45-й хвіліне забіў Сільва.
14 чэрвеня на "Барысаў-Арэне" прайшоў адборачны матч футбольнага чэмпіянату Еўропы 2016 года. Зборная Беларусі прайграла Іспаніі — 0:1.
У першым тайме на полі цалкам гаспадарылі іспанцы, а беларусам даводзілася абараняцца і яны пратрымаліся амаль да перапынку. Брамнік Андрэй Гарбуноў, які ў некалькіх сітуацыях выручыў каманду, на 45-й хвіліне памыліўся на выхадзе, і Сільва расстраляў пустую браму.
У другім тайме іспанцы збавілі тэмп гульні, чым і скарысталіся нашы футбалісты. Спачатку не рэалізаваў выдатны момант Сяргей Карніленка (Касільяс адбіў мяч), пасля разгубіўся перад брамай Максім Бардачоў і прабіў вельмі недакладна. Удар у створ атрымаўся ў Івана Маеўскага, але Касільяс зноў адбіў мяч. На жаль, наша зборная не рэалізавала свае моманты. Іспанцы неаднаразова маглі павялічыць лік, але зноў ратаваў Гарбуноў, альбо гульцам гасцей не хапала дакладнасці. У выніку беларусы прайгралі з мінімальным лікам.
Беларуская зборная гуляла ў наступным складзе: Гарбуноў, Шытаў, Мартыновіч (капітан), Філіпенка, Бардачоў, Кісляк (Драгун, 78), Маеўскі, Няхайчык, А. Глеб (Пуціла, 89), М. Валадзько (Стасевіч, 81), Карніленка.
У групе "С" лідыруе Славакія — 18 ачкоў, Іспанія — 15, Украіна — 12, Беларусь — 4, Македонія — 3, Люксембург — 1.
Астатнія матчы нашай каманды:
5 верасня. Украіна — Беларусь
8 верасня. Беларусь — Люксембург
9 кастрычніка. Славакія — Беларусь
12 кастрычніка. Беларусь — Македонія
Фота: football.by