Футбольныя зборныя Беларусі і Чарнагорыі згулялі ўнічыю — 1:1 (відэа)
Таварыская гульня прайшла ў сераду, 14 жніўня, на жодзінскім стадыёне "Тарпеда".
Лік адкрыў з пенальці на 16-й хвіліне Сяргей Карніленка. 11-метровы быў прызначаны пасля гульні рукой у сваёй штрафной пляцоўцы былога гульца БАТЭ Марка Сіміча. На 62-й хвіліне лепшы гулец гасцей Мірка Вучыніч забівае гол у адказ. У далейшым лік ужо не змяніўся.
Зборная Беларусі гуляла ў наступным складзе: Верамко (капітан), Жаўнерчык (Філіпенка, 81), Мартыновіч, Вярхоўцаў, Трубіла, Кісляк (Брэсан, 56), Драгун (Аляхновіч, 81), Калачоў (Балановіч, 78), А. Глеб (Валадзько, 56), Пуціла, Карніленка (Скавыш, 56).
Нагадаем, што 6 верасня нацыянальная футбольная зборная Беларусі правядзе ў Жодзіне таварыскі матч з камандай Кыргызстана. 10 верасня ў Гомелі беларуская дружына згуляе адборачны матч чэмпіянату свету 2014 года з камандай Францыі, а 11 кастрычніка сустрэнецца са зборнай Іспаніі ў гасцях.
На здымку: Галоўны трэнер беларускай нацыянальнай зборнай Георгій Кандрацьеў. Фота — goals.by