Гімназія: Прыйшла настаўніца, якая не ведала беларускай мовы — не ўзялі
У школе з беларускімі класамі адміністрацыя размаўляе па-руску, а ў беларускамоўных гімназіях дэфіцыт настаўнікаў пачатковых класаў.
“Да нас накіравалі настаўніцу пачатковых класаў. Мы адразу ўсіх папярэджваем, што ў нас навучанне па-беларуску і яна вымушаная была нам адмовіць”, — прыгадваюць у адміністрацыі беларускай гімназіі №9 у Мінску, размаўляюць тут з вучнямі па-беларуску.
Цяпер гімназія шукае настаўніцу хіміі, сацыяльнага педагога і настаўніцу пачатковых класаў. У адміністрацыі прызнаюць, што знайсці выкладчыка, які б добра валодаў беларускай мовай няпроста.
“У нас усе настаўнікі валодаюць беларускай мовай, кадры ўкамплектаваныя”, — па-руску адказваюць у адміністрацыі 72-й мінскай школы, дзе ёсць беларускія класы.
Чацвёртая мінская гімназія з беларускай мовай навучання шукае настаўніцу англійскай мовы, бо былая раптоўна сышла. А новых настаўнікаў самі вучаць размаўляць па-беларуску.
“Праблема з мовай бывае, але яны прыходзяць, крыху паварацца ў гімназіі і ўжо добра размаўляюць. Але мы чулі, што бываюць праблемы з выхавацелямі групы падоўжанага дня “прадлёнкі”. Бо там, у асноўным педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі. А ў пачатковых класах пытанняў няма”, — распавядаюць у чацвёртай гімназіі.
Мінская школа № 60 мае больш праблем з пошукам настаўнікаў, чым з іх узроўнем мовы. Цяпер не стае настаўнікаў пачатковых класаў.
“Настаўніка наогул цяжка цяпер знайсці. У дэкрэт многія сыходзяць. Але маладыя спецыялісты валодаюць беларускай мовай, цяпер лягчэй, чым раней было. У нас “А” класы беларускамоўныя. З года ў год па-беларуску навучаецца аднолькавая колькасць дзяцей”, — расказваюць у адміністрацыі школы па-руску.
Віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік яшчэ 27 жніўня абавязаў настаўнікаў ведаць беларускую мову.
На двухмільённы Мінск летась было 11 школ з беларускамоўнымі класамі, у 5 гімназіях і адной школе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. А тэставанне па беларускай мове сёлета здавалі 25 тысяч абітурыентаў, па рускай мове — 76 тысяч.
Фота: trud.ru