Гурт Nizkiz анансуе выхад другога альбома
У ім музыкі не будуць сталець і распавядаць “легенды”, але захаваюць уласную канцэпцыю.
Плануецца, што ў пласцінку пад працоўнай назвай "Лірыка", увойдзе 12 кампазіцый.
Як распавялі Еўрарадыё музыкі гурта, альбом атрымліваецца больш разнастайным і глыбокім, “але ні ў якім выпадку не больш дарослым. Мы ўсе яшчэ дзеці!” — смяецца гітарыст каманды Зміцер Садавы. Сіндрома “другога альбома” Nizkiz не баіцца, наадварот — музыкі запэўніваюць, што за пласцінку не хвалююцца.
“Нам здаецца, што альбом атрымліваецца больш вясёлым, больш простым, але і больш цікавым. Наша канцэпцыя ўсё ж у разнастайнасці. Мы не збіраемся распавядаць у нашых тэкстах “легенды”, даўжынёю ў альбом. А ўсё ж спрабуем, каб усе песні былі рознымі – каб слухаць альбом і разумець, што гурт можа і інакш іграць! Стылістыка не мусіць абмяжоўваць”.
Цяпер у гурта гатова 6 песень. Працу над астатнімі кампазіцыямі Nizkiz вырашылі адкласці на восень: за лета музыкі выступяць на шэрагу беларускіх фэстаў ды адыграюць сэт на вялікай сцэне фестывалю "Соседний мир", які пройдзе 26-28 ліпеня ў крымскім Судаку. Цалкам верагодна, што менавіта на “Соседним мире” адбудзецца прэм’ера некалькіх кампазіцый з будучай пласцінкі.
“Зараз мы паедзем па фестывалях, і гэта вялікі плюс! Мы зможам зразумець, чаго хочуць людзі ад нашай музыкі, і наколькі гэта супадае з тым, чаго хочам мы. Ды і проста праветрыцца галава, каб гэтыя кампазіцыі не былі выпакутаванымі”, — тлумачыць Еўрарадыё вакаліст гурта Аляксандр Ільін.
Да таго ж, гурт рыхтуе адразу 3 кліпы! Адзін з іх Nizkiz здымуць ў фармаце лайф-відэа падчас свайго падарожжа на “Соседний мир”. Песні, на якія здымаецца відэа, музыкі пакуль не раскрываюць. Але падказваюць, што фанаты і самі з 90% верагоднасцю могуць знайсці адказы на гэтыя пытанні.
Больш падрабязна пра гэтыя ды іншыя навіны ад Nizkiz чытайце неўзабаве ў вялікім інтэрв’ю на Еўрарадыё!